“Люблю і памятаю вас, мае сябры!” Сваімі ўспамінамі дзеліцца з намі Валянціна Фёдараўна Лушчык

Актуальное

(фота з уласнага архіва Валянціны Лушчык)

Нам у рэдакцыю даслала свой ліст жыхарка горада Дзісна Міёрскага раёна Валянціна Фёдараўна Лушчык. Яна ў 1980-х гадах працавала дырэктарам Більдзюжскага сельскага Дома культуры і зараз на старонках нашай газеты хоча падзяліцца ўспамінамі аб сваіх калегах і сябрах:
— Гэта былі далёкія ўжо васьмідзясятыя гады. Людзі, з якімі мы разам працавалі, — вельмі таленавітыя, актыўныя і творчыя. На вялікі жаль, многіх з іх няма ўжо сярод нас. Пры нашай клубнай установе дзейнічаў ансамбль народных інструментаў: скрыпка, цымбалы, баян, бубен і акардэон. Кіраўніком яго з’яўляўся Мар’ян Геранімавіч Міштофт. Выступленні ансамбля па душы былі прадстаўнікам старэйшага пакалення, пажылым людзям. У драматычным гуртку ажыццяўлялі пастаноўкі Славамір Дулінскі, Тадэвуш Пецюкевіч, Юрый Бортнік, Таццяна Жылевіч. Катэгорыю маладых гледачоў зачароўваў сваім  музычна-песенным мастацтвам вакальна-інструментальны ансамбль у складзе хлопцаў-прыгажуноў Сяргея Чарняўскага, Тадэвуша Гасюля, Міхаіла Валюшкіна. Салісткамі з’яўляліся Вольга Чарняўская і Наталля Ляскоўская. Кіраваў ансамблем Казімір Кунцэвіч — ён прыгожа спяваў і іграў на акардэоне. На танцавальныя вечары і дыскатэкі збіралася шмат мясцовай моладзі, прыязджалі нават з суседніх Браслаўскага і Міёрскага раёнаў, каб паслухаць навінкі сучаснай папулярнай музыкі, якія я заказвала ў Полацкім музычным салоне.
У сваёй клубнай рабоце мы асаблівую ўвагу ўдзялялі народнай творчасці і фальклору. У ролі пастаяннай вядучай “Вячорак” выступала былы дырэктар школы Галіна Бялевіч. Ажыццяўлялі пастаноўкі народных абрадаў, гульняў, нават пралі на калаўротах і білі масла ў маслабойках прама на сцэне. У народным хоры спявалі настаўнікі, калгаснікі і сам кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Бурчыц. Моладзь у тыя часы была вельмі актыўнай. Мы рабілі шмат выездаў з канцэртамі і спектаклямі ў суседнія калгасы, гастралявалі па раёне.
Вялікую дапамогу ў рабоце з боку кіраўніцтва аддзела культуры нам пастаянна аказвала яго загадчык Вера Пятроўна Татаровіч — таленавіты і ўмелы арганізатар. Нягледзячы на вялікі адрэзак часу, які прайшоў з той пары, я памятаю вас, мае дарагія сябры! І сёння гэтыя ўспаміны саграюць маё сэрца, лагодзяць душу.
Валянціна Фёдараўна прасіла размясціць яшчэ і свой фотаздымк, зроблены на адным з мерапрыемстваў, толькі, на жаль, жанчына не паведаміла, дзе, калі і якая ўрачыстасць на ім адлюстравана.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
АД РЭДАКЦЫІ: нам будзе прыемна ў далейшым атрымліваць падобныя лісты і фотаздымкі ад чытачоў раённай газеты, дзе б яны змаглі расказаць аб людзях, якія прысвяцілі сваё жыццё працы ў розных сферах жыццядзейнасці раёна, і падзеях, з імі звязаных.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *