Усе дарогі вялі ў школу для Анны Фамінічны Палялейка

Актуальное

імянінніца з педагогамі, якія прыйшлі яе павіншаваць

Прыгожы ў жоўты колер пафарбаваны дом, вокны з разнымі налічнікамі. Летам вакол будынка буяюць разнастайныя кветкі. Дагледжаны двор і прысядзібны агародзік. І не падумаеш, што жыве тут 90-гадовая жанчына адна, і яна яшчэ не патрабуе ніякай апекі. Гэта былая настаўніца Анна Фамінічна Палялейка. Яна не пакінута з боку блізкіх людзей — дзяцей, якіх у яе чацвёра, пяцёра ўнукаў і восем праўнукаў. Проста жанчына так вырашыла для сябе: пакуль ногі ходзяць, па ўзросту трымаецца здароўе, не падводзіць слых і розум, не трэба быць, як кажуць, абузай у родных.
Калі на юбілей Анны Фамінічны сабралася шмат людзей, яна крыху разгубілася, з кожным хацелася паразмаўляць, падзяліцца ўспамінамі. Акрамя блізкіх ёй людзей (а на юбілей прыехалі ўсе да аднаго з розных куткоў не толькі нашай краіны, а два сыны  са сваімі сем’ямі — з Санкт-Пецярбургу) прыйшлі з аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама яго начальнік Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, старшыня прафкама Вера Барысаўна Жук і старшыня Савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская, дэлегацыя настаўнікаў СШ № 2, сябры і суседзі. Мноства кветак, цёплыя словы віншавання ўзрушылі жанчыну. Такая ўвага — гэта доказ таго, што не дарэмна на працягу 40 гадоў яна вучыла дзетак малодшых класаў разумнаму, добраму, вечнаму, што памятаюць і ганарацца ёю.
Многія былыя вучні Анны Фамінічны выбралі для сябе прафесію настаўніка. Паслядоўнікамі яе сталі дачка Альдона Ігнацьеўна, жонкі ўнукаў.
Пры размове Анна Фамінічна прыгадвала цяжкія ваенныя гады. А радзімай яе была вёска Бабчы Лепельскага раёна. Там у Вялікую Айчынную вайну ішлі жорсткія баі. У 1943 годзе вёску немцы спалілі, давялося людзям жыць у зямлянках. За тыдзень да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна атрымала пахавальную аб загінуўшым мужы. Маладая жанчына засталася з маленькім хлопчыкам на руках. Цяжкасці тых гадоў, якія давялося перажыць маладому пакаленню, не толькі не зламілі, а і ўмацавалі веру ў лепшае будучае і неабходнасць быць мужнымі ў любой сітуацыі. Анна Фамінічна закончыла Лепельскае педвучылішча і ў 1946 годзе была накіравана на працу ў наш раён, у тады Качаноўскую пачатковую школу. Праз пэўны час, пасля ліквідацыі гэтай школы, яе перавялі ў Малонкаўскую пачатковую. Там жа праз два гады працы ў вёсцы сустрэла сваю другую палавінку. Ігнацій Генрыхавіч на той час працаваў пчаляром у саўгасе “Шаркаўшчынскі”. З ім у ладзе і згодзе пражылі 50 гадоў. Выхавалі двое сыноў і дачку. Пабудавалі свой дом у райцэнтры (дзе цяпер і жыве наша юбілярка). На працу стала хадзіць блізка, бо СШ № 2, у якой яна потым працавала, амаль побач. Не адно пакаленне маладых людзей выхавала Анна Фамінічна Палялейка. Цяжка ўжо ёй і пазнаць тых дарослых людзей, якіх вучыла чытаць і пісаць.
Увесь час настаўніцы хацелася павысіць свой узровень ведаў. Спачатку не было магчымасці, бо перашкаджалі няспынная праца і свае малыя дзеткі. І толькі ў 50-гадовым узросце яна атрымала дыплом аб заканчэнні педагагічнага інстытута імя П. М. Машэрава.
Праца настаўніцы адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі —Ганаровай граматай Міністэрсва адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі абласнога і раённага ўзроўню і вялікімі падзякамі ад былых вучняў.
Хочацца пажадаць Анна Фамінічне здароўя і спакойнай старасці.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *