«Добрай раніцы! Гаворыць Шаркаўшчына. У эфіры перадача раённага радыё», — такімі словамі двойчы на тыдзень на працягу сарака гадоў вітаў жыхароў гарадскога пасёлка і сельскай мясцовасці наш былы калега Барыс Войтаў.
— У прафесію карэспандэнта-арганізатара раённага радыёвяшчання я прыйшоў у жніўні 1980 года, — успамінае суразмоўца. — Гэтаму папярэднічала праца ў сістэме адукацыі раёна і завочная вучоба ў педінстытуце горада Пскова.
Радыёстудыя ў той час размяшчалася на трэцім паверсе будынка раённага вузла паштовай сувязі. Апаратура складалася з магнітафона для запісу праграм, мікрафонаў, гукаўзмацняльнікаў. На той перыяд абсталяванне было адпавядаючым існуючым патрабаванням. Разам з карэспандэнтамі раённай газеты вёў аўдыёзапісы шматлікіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў раёне. Ажыццяўляў камандзіроўкі нават у самыя маленькія вёскі, каб ведаць знутры жыццёвы ўклад землякоў. Ведаў, што для многіх шаркаўчан ранішні выпуск маіх радыёперадач быў заўсёды чаканым. Слухачы, асабліва ў аддаленых населеных пунктах, заўсёды цікавіліся апошнімі навінамі з жыцця нашага рэгіёну. Папярэдне патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, можна было заказаць вершаванае, музычнае віншаванне родных людзей, сяброў або знаёмых.
З развіццём тэхналогій у працэс запісу і апрацоўкі перадач укараняліся новыя формы і метады. Была набыта сучасная лічбавая апаратура, што аблегчыла работу. Студыя радыёвяшчання змяніла прапіску і стала размяшчацца ў будынку рэдакцыі раённай газеты. Да таго ж і назва маёй пасады стала гучаць па іншаму — «рэдактар раённага радыё».
Барыс Войтаў некаторы перыяд сумяшчаў пасаду карэспандэнта-арганізатара раённага радыёвяшчання і фотакарэспандэнта. Шаркаўчане старэйшага пакалення памятаюць па-мастацку зробленыя і аформленыя на старонках газеты здымкі нашых землякоў.
Паважаны Барыс Ананьевіч, віншуем вас з надыходзячым прафесійным святам — Днём работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі! Зычым моцнага здароўя і даўгалецця!
Сяргей РАЙЧОНАК, фота з рэдакцыйнага архіву.

