Раённы турнір па таэквандо, прысвечаны подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў

Спорт

З нагоды 25-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана ў гарадскім пасёлку і раёне ладзілася мноства мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце. 23 лютага, у Дзень абаронцаў Айчыны, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама праведзены раённы турнір па таэквандо, прысвечаны подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў. У спартыўнай зале РДК паспрачацца за званне мацнейшых сабраліся хлопцы і дзяўчаты 1999-2006 гадоў нараджэння. Па ўмовах спаборніцтваў яны былі падзелены на пяць узроставых груп.
Пачаткам мерапрыемства стала ўзняцце Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Гэту місію выканаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Іван Матыскін. Воін-інтэрнацыяналіст Васілій Протас, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця турніру, пад гітарны акампанемент Алены Калесніковіч выканаў песню “Кукушка”. Затым песню на афганскую тэматыку праспявалі Ксенія Міхнёнак з Вольгай Генуковай. Патрыятычнае выкананне музычных кампазіцый настроіла ўдзельнікаў спаборніцтваў на баявы, пераможны лад, прыдала ім дадатковы зарад бадзёрасці.
Турнір па таэквандо ўключаў у сябе спаборніцтвы па спецтэхніцы ў трох раздзелах: прамы удар у прыжку на максімальную вышыню (Твио-ап-чаги), выкананне шасці ўдараў нагамі ў снарад з электронным жылетам на максімальную сілу (Power Strake) і максімальная колькасць удараў у снарад з двух ног за 10 секунд (Нарэ-чаги).
Кожны з удзельнікаў спаборніцтваў стараўся як мага лепей выступіць у заяўленых раздзелах турніру, паказаць свае спартыўныя дасягненні, уласныя магчымасці. Большага азарту маленькім таэквандыстам надавала тое, што ў зале за выступленнем уважліва і з хваляваннем назіралі іх таты і мамы.
Падвёўшы вынікі раённага турніру па таэквандо, галоўны суддзя спаборніцтваў Ігар Іваноў агучыў імёны пераможцаў. У раздзеле “Твио-ап-чаги” мацнейшымі ў сваіх узроставых групах сталі Сяргей Сімановіч, Іван і Аляксей Хвяцковічы, Ілля Асятроў і Арцём Стральчонак. Пераможнае першае месца ў раздзеле “Нарэ-чаги” занялі Сяргей Сімановіч, Іван і Аляксей Хвяцковічы, Ілля Асятроў і Даніла Салаўёў. Дзмітрый Толкач, Іван Хвяцковіч і Дар’я Машара заваявалі перамогу ў раздзеле “Power Strake”.
Удзельнікі турніру, якія занялі другія і трэція месцы, узнагароджаны дыпломамі, а пераможцы – дыпломамі і памятнымі сувенірамі. Цырымонію ўзнагароджання ва ўрачыстай абстаноўцы правялі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Іваноў і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Іван Матыскін.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *