У дзень роднай мовы ў літаратурным музеі прайшла сустрэча з удзельнікамі аб’яднання «Світанак»

Актуальное

удзельнікі сустрэчы ў літаратурным музеі

21 лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы, прыняты 17 лістапада 1999 года рашэннем ЮНЕСКА.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Родная мова нясе ў сабе жывую памяць народа, яго духоўнасць, з’яўляецца скарбніцай звычаяў і традыцый, што перадаюцца з глыбіні стагоддзяў ад пакалення да пакалення. Пра гэты дзень нагадваюць у школах, там праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання  Міжнароднага дня роднай мовы.
У гэты дзень у літаратурным музеі, які размешчаны ў будынку Ручайскай бібліятэкі, сустрэліся настаўнікі і вучні 5—9 класаў Гуркаўскай базавай школы з удзельнікамі народнага літаратурна- музычнага аб’яднання “Світанак”. Трэба сказаць, што больш як за 20 гадоў сваёй дзейнасці, аб’яднанне мае даволі багатую гісторыю. У музеі скампанаваны раздзелы: кніжкі з аўтографамі, падараваныя світанкаўцам знакамітымі творчымі людзьмі; выданні, у якіх друкаваліся світанкаўцы, а гэта кнігі і часопісы рэспубліканскіх, міжнародных выданняў; літаратура, прывезеная з мясцін, дзе праходзілі дні пісьменства і дзе пабывалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі нашага раёна; старажытная літаратура, і самая вялікая экспазіцыя — кніжкі, надрукаваныя ў дзяржаўных выдавецтвах і выпушчаныя самавыдатам ўдзельнікамі аб’яднання; дыскі, запісаныя ў час выступленняў світанкаўцаў; фатаграфіі, узнагароды і іншыя асабістыя рэчы творчых людзей раёна.
На сустрэчы з вучнямі мы расказвалі аб творчай дзейнасці ўдзельнікаў “Світанка”, прачыталі ім вершы. Напрыклад,Міледзі Кукуць зачытаў урывак са сваёй паэмы “Ветэран”. Ірына Тарбецкая азнаёміла прысутных з казкай для дзяцей.
Сваімі ўражаннямі аб сустрэчы падзялілася настаўніца беларускай мовы і літаратуры Анжэла Барысаўна Бобіч. Прысутнічалі настаўніцы біялогіі Святлана Генадзьеўна Зубовіч і рускай мовы і літаратуры Іна Раманаўна Грыдзюшка.
Затым размова з вучнямі адбылася ў бібліятэцы. Яе загадчыца Ала Мілецьеўна Філіпёнак правяла з дзецьмі турнір на тэму “Знаўца мовы”. Паказвалі свае веды па роднай мове і адказвалі на пытанні ўдзельнікі каманд пад назвамі “ гукі” і “словы”.
Прыемна адзначыць, што нядаўна літаратурна-музычнае аб’яднанне “Світанак” у чарговы раз пацвердзіла званне “самадзейны народны калектыў”. Такая працэдура праводзіцца раз у тры гады з моманту прысваення гэтага ганаровага звання ў 2002 годзе.
Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *