У 1970-х—1980-х гадах у раёне налічваліся дзясяткі ардэнаносцаў. Працаўнікі сельскай гаспадаркі і іншых галін атрымлівалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды.
Пражывае такі чалавек і ў вёсцы Каўшэлева. Віталь Туронак працаваў у калгасе імя Фрунзе на трактарах розных марак.
— Скончыў Опсаўскае вучылішча механізацыі, што на Браслаўшчыне, і вярнуўся ў родныя мясціны, — кажа Віталь. — Працаваў на колавых трактарах маркі «Беларус». Былі і гусенічныя ДТ-54 і ДТ- 75. Як і ўсе механізатары, выконваў розныя работы: апрацоўваў глебу, сеяў зерне, садзіў бульбу, буракі. У 1973 годзе мне ўручылі ордэн «Знак Пашаны», а яшчэ праз пяць гадоў — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Да таго ж у 1978 годзе перадавога механізатара за высокія вытворчыя паказчыкі падчас правядзення пасяўной кампаніі ўзнагародзілі матацыклам маркі «Каўровец».
Нядаўна Віталь Туронак сустрэў сваё 85-годдзе. Са знакавай датай у жыцці ветэрана працы павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Юрый Васілеўскі і старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Міхалёнак. Па даручэнні кіраўніка раёна Дзмітрыя Ламака прадстаўнікі мясцовай улады ўручылі Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
