У рабоце міліцыянера вельмі важная падтрымка сям’і — лічыць Аляксандр Раманоўскі

Актуальное

Напэўна, і не думаў ураджэнец Талачынскага раёна Аляксандр Раманоўскі, калі паступаў і вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, што праз пэўны час будзе жыць у Шаркаўшчыне і працаваць у міліцыі. Важную ролю ў такім павароце лёсу адыграла знаёмства ў акадэміі з шаркаўчанкай Святланай, з якой у будучым ажаніўся і на радзіму якой пазней пераехалі жыць. Тут, у Шаркаўшчыне, у 1995 годзе ўладкаваўся ў РАУС. Працаваў сяржантам патрульна-паставой службы, участковым інспектарам, начальнікам аддзялення прафілактыкі. У 2001 годзе завочна закончыў Магілёўскую школу міліцыі. А ў 2012 годзе прызначаны першым намеснікам начальніка Шаркаўшчынскага РАУС.
— Не магу сказаць, каб так падабалася гэта работа, — адказвае Аляксандр Уладзіміравіч на пытанне, ці стала прафесія міліцыянера прызваннем жыцця. — Шчыра кажучы, яна складаная. Але лічу, калі прыйшоў, дык сумленна выконвай свае абавязкі. У нас ненармаваны працоўны дзень, часта даводзіцца дзяжурыць у час святаў. Вось, напрыклад,  за час сваёй работы ў аддзеле сустракаў Новы год у сямейным коле толькі два разы. Таму хочацца сказаць пра тых жанчын, якім выпала быць жонкамі міліцыянераў. Для ахоўніка грамадскага правапарадку вельмі важна, каб быў надзейны тыл, які будзе забяспечваць парадак дома. У сітуацыі, калі работа забірае ўвесь час, асноўныя абавязкі па падтрыманні хатняга ачага, выхаванні дзяцей кладуцца на плечы маёй жонкі Святланы. Хочацца сказаць ёй вялікі дзякуй за заўсёдную падтрымку і разуменне, якое знаходжу дома.
Увогуле, сям’я для Аляксандра Уладзіміравіча з’яўляецца адной з галоўных каштоўнасцей у жыцці. Гэта становіцца зразумелым, варта толькі ўбачыць, якая цёплая ўсмешка з’яўляецца на яго твары, калі размова заходзіць пра дзяцей: пра сына Яўгена і асабліва дачушку Дар’ю, якая вучыцца ў першым класе.
Прыемна адзначыць, што з нагоды прафесійнага свята і 97-годдзя з дня ўтварэння Беларускай міліцыі за якаснае выкананне важнай і тэрміновай работы, умелыя, прафесійныя дзеянні, ініцыятыву, праяўленую пры выкананні розных задач, кваліфікаванае кіраванне падначаленымі падраздзяленнямі, што садзейнічае дасягненню станоўчых вынікаў, падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Раманоўскі ўзнагароджаны Граматай УУС Віцебскага аблвыканкама. Віншуем Аляксандра Уладзіміравіча з гэтай заслужанай узнагародай.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *