Аператар машыннага даення фермы «Цэнтр» адкрытага акцыянернага таварыства «Жвіранка» Ірына Сіповіч па выніках раённага спаборніцтва за май заняла першае месца.
— Статак кароў абслугоўваюць чатыры пастаянныя даяркі і адна падменная, — кажа галоўны заатэхнік гаспадаркі Ірына Катовіч. — Усе жанчыны добрасумленныя, старанныя работнікі. Свае абавязкі кожная выконвае бездакорна. Ужо не першы раз Ірына Сіповіч становіцца лідарам па надоях малака не толькі ў нашым сельгаспрадпрыемстве, але і ў раёне. Гэта акалічнасць нас, спецыялістаў акцыянернага таварыства, не можа не радаваць.
— У маім гурце 35 кароў, — тлумачыць аператар машыннага даення. — У чарговы раз пашчасціла выйсці пераможцай раённага спаборніцтва. За май валавы надой малака склаў 20 тон, а ў сярэднім ад адной каровы я атрымала 574 кілаграмы гэтага каштоўнага прадукту харчавання. Спадзяюся, у чэрвені не страчу здабытыя пазіцыі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

