Адкрытае акцыянернае таварыства «Агратэхсэрвіс» з’яўляецца лідарам сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна на корманарыхтоўчых работах

Общество Сельское хозяйство

 

Пахмурнае і дажджлівае надвор’е ў канцы мая і пачатку чэрвеня не дазваляла аграрыям вывесці тэхніку на палеткі, каб пачаць касавіцу. Трактары з прычапнымі агрэгатамі буксавалі на сенажацях. Было прынята рашэнне на некаторы час спыніцца. Вяскоўцы вымушаны былі чакаць цёплае надвор’е, перамяшчалі тэхніку на розныя ўчасткі палёў, вялі выбарачнае сенакашэнне.

У адзін з дзён мы трапілі ў аддзяленне Светлы шлях. Ва ўрочышчы Пагорка, што на мяжы з Глыбоцкім раёнам, механізатары на меліяраваных землях прыступілі да скошвання траў. Роўным ланцужком рухаліся адзін за адным на трактарах «Беларус» Вячаслаў Шышко, Алег Рабіза і Аляксандр Марозаў. Услед за імі правяленую масу зграбаў Іван Мацяс.

— Сёлета намі запланавана скасіць травы першага ўкосу на плошчы 1800 гектараў, — тлумачыць кіраўнік гаспадаркі Міхаіл Кавалёнак. — На зімова-стойлавы перыяд трэба нарыхтаваць 18229 тон сенажу, у тым ліку ў палімернай упакоўцы 1850 тон. Сена плануем назапасіць 441 тону. Шмат перашкод дастаўляе дрэннае надвор’е. З-за моцных дажджоў тэхніка з цяжкасцю рухаецца па полі. Тым не менш, са складанасцямі мы спраўляемся, працуем на станоўчы вынік.

У сельгаспрадпрыемстве маюцца два корманарыхтоўчыя комплексы «Палессе» КВК-800. Механізатары Міхаіл Шук і Іван Сямёнаў як след іх падрыхтавалі для своечасовага выезду ў поле. У наяўнасці маецца патрэбная колькасць прычэпаў для адвозу сенажу з поля ў траншэі.

— Арганізавана гарачае харчаванне для нашых працаўнікоў, — далучылася да гутаркі старшыня прафсаюзнага камітэта акцыянернага таварыства Яся Краснікава. — Кожны дзень работнікі сталовай гатуюць 30—40 порцый смачных разнастайных страў. У заканчэнні касавіцы мы падвядзём вынікі і ўзнагародзім перадавікоў корманарыхтоўчых работ.