Сярод гаспадарак раёна адкрытае акцыянепнае таварыства «Княж» паказвае адны з лепшых вынікаў на корманарыхтоўцы.
— 631 гектар траў першага ўкосу з 740 запланаваных скасілі ў сельгаспрадпрыемстве па стане на 26 чэрвеня, — кажа кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда. — Амаль па 200 тон сенажу штодзённа закладаем у траншэі. Усяго ж запланавана нарыхтаваць гэтага корму 7251 тону. Паралельна вядзецца нарыхтоўка сена. З-за дрэнных умоў надвор’я, якія перашкаджаюць аграрыям весці гэтыя работы на поўную моц, зрулонілі 204 тоны.
Нягледзячы на складанасці прыроднага характару, касавіца ў «Княжы» праходзіць у штатным рэжыме. Тут упэўнены, што з пастаўленымі задачамі па корманарыхтоўцы справяцца ў тэрмін. У гаспадарцы даўно ведаюць, што лепш своечасова і шчыра касіць, чым потым зімой прасіць корм для жывёлы ў іншых рэгіёнах.
Не застаюцца ў баку ад ходу касавіцы і грамадскія арганізацыі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат наведаў акцыянернае таварства, каб не толькі пацікавіцца ходам работ, але і звярнуць увагу на ахову працы і тэхніку бяспекі. Прафсаюзны лідар праверыў наяўнасць вогнетушыцеляў, медыцынскіх аптэчак, спецвопраткі. Немалаважным фактарам паспяховай работы аграрыяў з’яўляецца і харчаванне работнікаў.
— У «Княжы» ў гэтым плане праблем не існуе, — кажа Аляксандр Гернат. — Тэхніка аснашчана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, медаптэчкамі, работнікі маюць спецвопратку. Харчаванне ў гаспадарцы двухразовае, а меню — разнастайнае. Цяпер галоўнае — своечасова закончыць касавіцу і прыступіць да ўборкі зерневых культур.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
