Ураджэнец Іарданіі працуе ў жвёлагадоўлі КУВСП імя Маркава

Общество Сельское хозяйство

Ураджэнец Іарданіі Альбес Самір Фаез Дзіб ужо ў дарослым жыцці аддаў перавагу не спякотнаму небу далёкай паўднёвай краіны, а цёпламу сонцу і лагоднаму ветрыку нашай Беларусі.

Некалькі гадоў назад шаркаўчанка Ірына ў сацыяльных сетках пазнаёмілася з Самірам. Спачатку была рэдкая перапіска, узаемаабмен фотаздымкамі. З цягам часу маладыя людзі спаткаліся, вырашылі аб’яднаць свае лёсы ў адзін, бо па-сапраўднаму любячыя сэрцы не могуць існаваць паасобку.

Непрацяглы перыяд Ірына і Самір жылі на малой радзіме мужа, але непераадольнае пачуццё настальгіі клікала беларуску дадому. На сямейным савеце вырашылі пераехаць у Беларусь.

У нашай краіне спачатку для Саміра ўсё было нязвыклым: мова, людзі, іх жыццёвы ўклад, клімат. Але з цягам часу мужчына прызвычаіўся да змен. Да таго ж, у сям’і нарадзіліся дзеці — дачка Рэвека і сын Пётр.

У сумеснай гутарцы, а размаўляе Самір на англійскай мове, стала зразумела, што іарданец шчыра палюбіў зямлю, на якой нарадзілася і вырасла яго каханая жанчына, дзе зрабілі першыя крокі іх дзеці. Ён адзначае талерантнасць і высокі прафесіяналізм кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а звычайных беларусаў лічыць самай спагадлівай нацыяй.

Ірына працуе бібліятэкарам сярэдняй школы № 1 гарпасёлка. Самір уладкаваўся жывёлаводам на малочнатаварную ферму «Рассвет» КУВСП імя Маркава. Работа хоць і не самая лёгкая, але мужчына не пасуе перад цяжкасцямі: пакрысе знайшоў агульную мову з работнікамі фермы, з душой адносіцца да маленькіх гадаванцаў — цялятак. Самір выказвае словы ўдзячнасці кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства за жыццёвую падтрымку і магчымасць працаўладкавання.

Беларускае сонца на блакітным небасхіле, гаючае паветра, узаемныя любоў і спагада родных людзей — вось формула шчасця Саміра Альбеса.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.