У віхуры падзей і часу ўсё мяняецца. Нязменнай застаецца толькі нястомная праца вяскоўцаў, яна з’яўляецца адной з самых значных, няпростых і запатрабаваных у грамадстве.
Без станоўчых вынікаў работы сяльчан не будзе сацыяльна-эканамічнага дабрабыту дзяржавы. Самыя лепшыя перадавікі аграрнага сектара раёна атрымалі ўзнагароды падчас традыцыйнага фестывалю «Прыдзісненскія крыніцы», які прайшоў у межах святкавання Дня Незалежнасці.
З прывітальным словам да шаркаўшчынскіх аграрыяў звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Кашміла. Кіраўнік раёна павіншаваў прысутных са святам, пажадаў ім выдатнага настрою, а перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці ўручыў Ганаровыя граматы райвыканкама. Больш за трыццаць чалавек, а ў іх ліку кіраўнікі, галоўныя спецыялісты гаспадарак, трактарысты-машыністы ўзнімаліся на сцэну, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды.
— Лічу, што нічога звышнатуральнага асабіста я не зрабіў, проста штодзённа з году ў год стараюся сумленна выконваць сваю работу, — кажа лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны» Андрэй Удобкін. — З нядаўняга часу сельгаспрадпрыемства «Ельня-Агра», дзе я працаваў трактарыстам-машыністам, далучана да суседняй гаспадаркі ААТ «Княж». Нягледзячы на рэарганізацыю, я і большасць маіх калег працягваем працаваць на малой радзіме дзеля дабрабыту землякоў і дзяржавы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

