25 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажарнай службы

Общество Служба 101

Штогод 25 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажарнай службы — свята сапраўдных мужчын, якія падчас стыхійных бедстваў прыроднага і тэхнагеннага характараў спяшаюцца на дапамогу.

Ад іх аператыўных, зладжаных і прафесійных дзеянняў залежаць захаванасць нашых дамоў, маёмасці і самая галоўная каштоўнасць — чалавечае жыццё.

Выбар афіцыйнай даты свята невыпадковы. 25 ліпеня 1853 года была заснавана пажарная варта ў Мінску. З гэтага моманту пачынаецца афіцыйная гісторыя пажарнай службы Беларусі, якая і ў нашым гарадскім пасёлку таксама мае сваю багатую гісторыю. Сёння традыцыі папярэднікаў працягваюць супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пад кіраўніцтвам падпалкоўніка ўнутранай службы Івана Пальчэха. Шаркаўшчынскія вогнеборцы з дапамогай сучаснай тэхнікі і абсталявання змагаюцца з вогненнай стыхіяй, праводзяць вялізную прафілактычную работу з насельніцтвам. Вядома, лепш прадухіліць пажар, чым яго тушыць.

У чэрвені сёлетняга года на пасаду намесніка начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні заступіў старшы лейтэнант унутранай службы Уладзімір Граковіч.

— Свой працоўны шлях у органах і падраздзяленнях міністэрства па надзвычайных сітуацыях я пачаў у 2012 годзе на Міёршчыне, — кажа Уладзімір. — Непрацяглы час я службу ў Наваполацку. Паралельна набываў вышэйшую профільную адукацыю. Калі надарылася магчымасць, вярнуўся на малую радзіму ў Міёры, дзе стаў інспектарам па кадрах мясцовага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. У мінулым месяцы абласное кіраўніцтва прапанавала пасаду намесніка начальніка Шаркаўшчынскага РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, на што я даў сваю згоду. Маю пэўны вопыт у сваёй сферы дзейнасці, таму з лёгкасцю знайшоў агульную мову з кіраўніцтвам і асабовым складам аддзела.

Значную частку свайго працоўнага жыцця прысвяціў службе на пасадзе начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 у аграгарадку Васюкі Аляксандр Сідарчук.

— Спачатку складана было пачынаць працаваць у 1995 годзе, — успамінае Аляксандр. — Тэхніка была не аснашчана для ліквідацыі надзвычайных здарэнняў.Супрацоўнікі мелі нязначныя навыкі ў справе ліквідацыі пажараў, патрабавалі рамонту і памяшканні, дзе знаходзілася тэхніка і асабовы склад. Пакрысе, дзякуючы ўсім, хто нёс службу на посце, сітуацыя выпраўлялася ў лепшы бок. Канечне, за гады службы здаралася мноства момантаў, калі мы, пажарныя-выратавальнікі, рызыкуючы ўласным жыццём, з полымя ратавалі людзей. Гэтыя моманты назаўсёды засталіся ў нашай памяці.

У калектыве шаркаўшчынскіх пажарных-выратавальнікаў падтрымліваюць трывалую сувязь з ветэранамі службы, віншуюць з юбілеямі, праводзяць сустрэчы. Такім чынам забяспечваецца пераемнасць традыцый і пакаленняў.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.