На сходзе работнікаў устаноў культуры раёна абмеркавалі вынікі работы за мінулы год, планы і задачы на сёлетні

Актуальное

Напрыканцы сакавіка ў глядзельнай зале РДК прайшоў сход работнікаў устаноў культуры раёна па выніках работы за мінулы год, планах і задачах на 2014-ы. З асноўным дакладам выступіла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. М. Шынкевіч.

Па стану на 1 студзеня бягучага года ў раёне налічваецца 49 устаноў культуры рознага тыпу, у якіх працуюць 209 чалавек, з іх творчых — 148. Для арганізацыі адпачынку насельніцтва створаны 123 гурткі мастацкай самадзейнасці, 9 з іх носяць званне “народны” і “узорны”. Работнікамі культуры ў мінулым годзе праведзена 4300 культурна-масавых мерапрыемстваў. Па іх колькасці наш раён трымае першае месца ў вобласці. Калектывы аматарскай мастацкай творчасці прынялі ўдзел у 22 абласных святах, фестывалях, конкурсах, на якіх большасць атрымалі званні дыпламантаў, лаўрэатаў і пераможцаў.

Вялікая ўвага надаецца правядзенню культурна-масавых мерапрыемстваў у райцэнтры і на сяле. Традыцыйна ярка, запамінальна і відовішчна праходзяць фестывалі “Каляровыя сны”, “Прыдзісненскія крыніцы”, Купалле ў гарпасёлку і аграгарадках Лужкі і Германавічы. З асаблівым каларытам і размахам адбыўся раённы фестываль “Светлы яблычны Спас — сікораўскай душы часцінка” у Алашках, 510-годдзе гарадскога пасёлка, 450-годдзе аграгарадка Германавічы.

Для паляпшэння ўмоў працы і адпачынку праведзены рамонт танцавальнай залы РДК, мантаж ацяпляльнай сістэмы ў Цэнтры рамёстваў. Спецыялісты Ручайскай бібліятэкі-філіяла і Лужкаўскага СДК перайшлі працаваць са старых аварыйных памяшканняў у прыстасаваныя будынкі, пасля праведзенага ў іх касметычнага рамонту. Для паляпшэння якасці мерапрыемстваў набыты два камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры.

Разам з тым, перад кожным работнікам на бягучы год пастаўлены канкрэтныя задачы не толькі па колькаснаму, а ў першую чаргу, па якаснаму абслугоўванню насельніцтва, правядзенню мерапрыемстваў, накіраваных на задавальненне культурных патрэб жыхароў абслугоўваемых тэрыторый, па абавязковаму выкананню плана платных паслуг.

У рабоце выніковага сходу работнікаў культуры прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі. Ён жа ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў Падзяку міністра культуры краіны за шматгадовую і добрасумленную працу дырэктару раённага Дома культуры Г. А. Русачонак.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома ўручыла дыпломы і грашовыя прэміі лепшым работнікам устаноў культуры па выніках мінулага года. Імі сталі дырэктар музея І. П. Сікоры — Наталля Перхуровіч, загадчык Жукоўшчынскага СК — Надзея Кіраенка, мастацкі кіраўнік Лужкаўскага СДК — Ірына Буднік, дырэктар Радзюкоўскага СДК — Таццяна Лаздоўская, дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў — Вікторыя Дубоўская, мастацкі кіраўнік РДК — Вера Шуман, рэжысёр РДК — Марыя Рабіза, акампаніятар Германавіцкага ЦКіНТ — Святлана Лагун, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі — Таццяна Райчонак, бібліятэкар Ручайскай бібліятэкі — Ала Філіпёнак.

Сяргей РАЙЧОНАК

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *