Складальнікамі высокіх вытворчых паказчыкаў любога сельгаспрадпрыемства з’яўляюцца не толькі стараннасць і адказнасць работнікаў, але і з густам прыгатаваныя стравы ў сталовай сельгаспрадпрыемства.
Яно і не дзіўна, бо ад таго наколькі сытна паабедае аграрый, будзе залежыць яго працоўны рытм. У ААТ «Буеўшчына» з харчаваннем работнікаў праблем не існуе. Шмат гадоў развозіць абеды па палях гаспадаркі повар Таццяна Сінкевіч.
— Свежыя прадукты ў нас заўсёды ў наяўнасці, — кажа жанчына. — Меню самае разнастайнае: супы, мяса, садавіна і гародніна, шматлікія гарніры, канечне, гарачы чай або ахалоджаны бярозавы сок, які з задавальненнем п’юць у спякотнае навор’е. Сёння на абед я прывезла суп са свежай капусты, грэчневую кашу, каўбасу і кампот. Ніхто работнікаў, якія харчуюцца ў полі ці непасрэдна ў сталовай, прэтэнзій на прыгатаваныя стравы не мае.
Смачна падсілкаваўшыся механізатары завялі рухавікі сваіх трактароў і дружна рушылі на палеткі. Корманарыхтоўка і жніво ў «Буеўшчыне» ідуць паралельна.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
