Запрашае клуб “Радзюкоўскія гаспадынькі”

Актуальное

удзельніцы клуба “Радзюкоўскія гаспадынькі”

Пры Радзюкоўскай сельскай бібліятэцы часта збіраліся таленавітыя жанчыны. Але гэтыя сустрэчы насілі хаатычны, бессістэмны характар. І вось, знайшлася нагода стварыць клуб. Першае яго пасяджэнне было прымеркавана да свята “Масленіца”. Актывісткі доўга думалі над тым, як назваць свой клуб па інтарэсах і спыніліся на тым, што будзе “Радзюкоўскія гаспадынькі”. Жанчыны ставяць мэтай сваіх пасяджэнняў прадаўжаць вывучаць гісторыю і культуру свайго краю, сваіх вёсак, праяўляць і дзяліцца сваімі здольнасцямі ў рукадзеллі, кветкаводстве, кулінарыі, упрыгожваць свой родны куточак, сваю вёску Радзюкі кветкамі, насаджэннямі.

“Масленіца” — абрад даўніны, звязаны, у першую чаргу з блінамі, таму кожная жанчына прынесла на святочны стол стравы, звязаныя з гэтым абрадам: бліны з рознымі начынкамі, пірагі, тарты. Старэйшыя людзі клуба падзяліліся сваімі ўспамінамі аб тым, як святкавалі “Масленіцу” раней іх бацькі. Цікава расказвала аб гэтым Ларыса Іванаўна Шпак. “Дык вось як яно адбывалася, — успамінае яна. — За тыдзень да “Масленіцы” мужчыны рыхтавалі коней, націралі да бляску медную збрую, упрыгожвалі сані. А жанчыны напякалі шмат бліноў і розных іншых страў. У дзень свята хлопцы і маладыя мужчыны ехалі на ўпрыгожаных санях і конях з шумёламі і каляровымі стужкамі па вёсках сваёй акругі. Дзяўчаты і жанчыны, па-святочнаму апранутыя, сустракалі іх з песнямі і частавалі блінамі. Затым усе збіраліся на загадзя падрыхтаваную пляцоўку, дзе адбывалася ігрышча. Вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі ў сняжкі. А калі пачынала цямнець, вясёлай гурбою забягалі ў хату, якую вызначалі для танцаў. Танчылі і спявалі да раніцы, моладзь знаходзіла сабе пары. На гэтым свята заканчвалася, пачынаўся пост аж да Вялікадня”.

Найбольшую актыўнасць у падрыхтоўцы свята праявіла арганізатар клуба — загадчыца бібліятэкі Валянціна Абрамава, якая зрабіла цікавы сцэнарый свята “Масленіца”, а таксама Людміла Ардынская, Ларыса Шпак, Тэрэза Странчэўская, Кленя Дулінец, Альдона Папко, Валянціна Дзіковіч, Ліля Віткоўская.

Варта нагадаць, што  клуб пажадалі наведваць 9 жанчын. Любы жадаючы можа прымаць удзел у пасяджэннях у вольную ад працы хвіліну.

Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *