На традыцыйны фестываль «Мой край, мой рай бульбяна-жытны», што адбыўся ў Германавічах сабраліся мясцовыя жыхары і госці, турысты з Латвіі.
А ці ведаеце вы сапраўдны смак бульбы, той, што гатуюць у Германовічах? З хрумсткай скарынкай, смажанай на вогнішчы, з духмянай паліўкай ды грыбамі — пальцы абліжаш! Менавіта такімі словамі сустракалі гасцей вядучыя свята Сяргей Рымдзёнак і Ларыса Кудзіна.
— Фестываль засяроджваецца на стравах, таркаваных з бульбы — драніках, бабцы, — занесеных у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, — адзначыла загадчыца сектара культуры райвыканкама Іна Шынкевіч. — Такім чынам, дадзены фэст выконвае важную ролю ў захаванні культурнай спадчыны рэгіёну. А работнікі культуры і самадзейныя артысты ствараюць незабыўную атмасферу сапраўднага народнага гуляння.
Сваімі прысмакамі пачаставалі ўсіх прысутных і журы ўдзельнікі конкурсу на лепшую кулінарную страву з таркаванай бульбы «З бульбы ўсяго шмат». Па выніках творчага спаборніцтва дыпломам за трэццяе места ўзнагароджаны Велікасельскі сельскі клуб, на другім месцы — мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча, пераможцы конкурсу — Дворнаўскі сельскі клуб. Таксама ў намінацыі «За арыгінальную страву» журы ўзнагародзіла мясцовых жыхароў Барыса Крыўко і Алу Пугаўка. Спецыяльным дыпломам адзначаны Германавіцкі сельвыканкам. На працягу некалькіх гадзін ля святочнай сцэны старшыня сельвыканкама Мая Якімовіч разам з памочніцамі Аксанай Пажарскай, Інай Арлоўскай і Аленай Молакавай спраўна пяклі румяныя «сонейкі» на палаючай калодзе. Дранікаў хапіла ўсім жадаючым. Ніхто у той дзень не застаўся галодным.
На імправізаванай сцэне гучалі беларускія народныя песні, прыказкі пра бульбу, прайшла тэатралізаваная праграма, майстар-класы, а таксама конкурсная камандная праграма «Бульбяны разгуляй». Яго спонсарам выступіў Мінскі маргарынавы завод. Для прысутных правялі рэкламу прадукцыі завода. Прайшоў розыгрыш вітамінных прызоў, а галоўным падарункам стаў мех бульбы.
На мерапрыемстве з праграмай «Вітаем песняй вас» выступіў калектыў аддзела народнай творчасці і культурна-забаўляльнай дзейнасці раённага цэнтра культуры.
Праграма атрымалася яркай і насычанай. Усе прысутныя атрымалі шмат станоўчых эмоцый і зарад энэргіі, якога хопіць, мы спадзяёмся, на доўгі час.
Госці свята ахвотна падзяліліся сваімі ўраджаннямі.
Святлана з Латвіі:
— Наведваем Беларусь з задавальненнем! Нядаўна прыязджалі на Купалле ў Александрыю. У гэты раз вырашылі наведаць ваш раён і пакаштаваць дранікаў на калодзе, знакамітую бульбянку. Свята атрымалася цікавым, душэўным, з беларускім каларытам. Асабліва спадабаліся пачастункі, тэатралізаваная праграма і выстава вырабаў народных майстроў.
Вольга Шышко з Віцебска:
— Прыехала ў госці да сваёй 86-гадовай матулі ў вёску Шышкі, у якой нарадзілася і сама. Я выпускніца Германавіцкай сярэдняй школы 1990 года. Працяглы час жыву і працую ў Віцебску. Вельмі спадабаўся фестываль у Германавічах. Адзначу цудоўную атмасферу, аўтэнтычную культуру, а дранікі на калодзе, напэўна, запомняць усе госці. Гэта любімая страва кожнага беларуса, добра вядомая з дзяцінства.
Алена АНАНІЧ, фота аўтара.









































































































