У гарадскім пасёлку хуткімі тэмпамі ідзе ўзвядзенне будынка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у якім размесціцца пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1.
Шаркаўчане памятаюць, што напрыканцы мінулага года будынак былой ПАВЧ № 1 быў знесены. А пляцоўка падрыхтавана пад узвядзенне новага, разлічанага на большую колькасць спецыяльных аўтамашын і прыстасаванага пад камфортнае нясенне службы афіцэраў і асабовага складу.
Нават у выхадныя дні з самага ранку і да позняга вечара на аб’екце працуюць будаўнікі. Шматфункцыянальны комплекс трэба здаць у эксплуатацыю своечасова.
— Заказчыкам па б’екце выступае Віцебскае абласное ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях, — тлумачыць начальнік Шаркаўшчынскага РАНС Іван Пальчэх. — Генеральны падрадчык — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Вектар-А». Наш раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях часова размяшчаецца ў будынках былога філіяла «Энергазбыт», а пажарная аварыйна-выратавальная часць — у памяшканнях дарожна-будаўнічага ўпраўлення № 26. Нягледзячы на шматлікія нязручнасці, сваю службу нясём у рэжыме «24/7». Выезды на ліквідацыю ўзгаранняў або іншых аварыйных сітуацый ажыццяўляем аператыўна.
У новым комплексе збудаванняў у боксах першага паверха будуць размешчаны чатыры аўтацыстэрны і адзін аўтамабіль з лесвіцай. Побач — боксы для спецыяльных легкавых аўтамабіляў. На другім паверсе — адміністрацыйныя памяшканні РАНС, актавая і трэнажорная залы, пакой для адпачынку і прыёму страў выратавальнікаў-пажарных. Са сваёй задачай — правесці будаўнічыя работы якасна і тэрмінова — падрадчык спраўляецца цалкам. У хуткім часе адбудзецца наваселле, што паўплывае на камфорт нясення службы шаркаўшчынскіх вогняборцаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

