У КУВСП «Гарадзец» пачалася пасяўная кампанія

Сельское хозяйство

сеяльшчык Юрый Урублеўскі

Пасяўную ў раёне, як заўсёды, пачынае КУВСП “Гарадзец”, бо там на значных плошчах лёгкія па механічнаму саставу, супясчаныя глебы, якія хутка падсыхаюць. Так што ім ёсць магчымасць разгарнуць пасяўную кампанію.

Адразу за Лужкамі ва ўрочышчы Жарсцвянка поле ў 50 гектараў. Там з восені была пасеяна азімая пшаніца пры захаванні  ўсіх патрабаванняў тэхналогіі. Аднак бясснежная зіма ўнесла свае адмоўныя карэктывы. На ўчастку стопрацэнтная гібель пасеваў. Цяпер там Іван Палідовец і Андрэй Урублеўскі правялі культывацыю. Іншыя механізатары заправілі глебу калійнымі тукамі ў разліку 180 кілаграмаў дзеючага рэчыва на гектар. У час нашага наведвання падрыхтаванае поле засяваў яравой пшаніцай вопытны механізатар Юрый Урублеўскі. На энерганасычаным трактары МТЗ-3022 з шыроказахопнай сеялкай АПП-6А ён працуе ўжо шэсць гадоў. Дагэтуль яму даручаны былі маламагутныя трактары. У зімовы час, механізатар праводзіў рамонтыя работы гэтых агрэгатаў і рабіў усё як для сябе, каб не было прастояў у полі. Столькі ж гадоў на пасяўной разам з ім працуе шафёр Валерый Эйтміновіч. Склаўся, так скажам, трывалы тандэм. Ён на аўтамашыне ЗІЛ-130 загружае насенне ў сеялку механічна, з пераабсталяванага бункера ад камбайна “Палессе”.

Валерый Эйтміновіч пад’ехаў на запраўку сеялкі пратручаным насеннем

— Гэты работы для нас звыклыя, — прызнаецца Юрый Часлававіч. — Даводзілася і восенню сеяць азімыя, толькі вось надвор’е падвяло. Прыйдзецца зноў па тым жа полі ездзіць. Імкнуся, каб кожная пядзя была засеяна. Потым самому ж давядзецца ўбіраць хлеб на гэтых палях.

Падтрымаць удзельнікаў пасяўной кампаніі, вырашыць праблемы, якія могуць узнікнуць, прыехала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Віктараўна Катушонак.

Найбольшая адказнасць за ход пасяўной кампаніі кладзецца на галоўнага тэхнолага палёў — Святлану Уладзіміраўну Яворскую. Яна падзялілася з намі сваімі планамі і задачамі, якія ставяцца перад хлебаробамі пры закладцы асновы будучаму ўраджаю.

— Гэта ў мяне дзявятая вясна ў якасці галоўнага агранома гаспадаркі, — кажа спецыяліст, — і ніводная адна на адну не падобная. Напрыклад, летась такой парой на палях ляжаў снег, а сёлета вось ужо загортваем насенне ў глебу. Як бы прырода выпраўляе свае памылкі: вымерзла значная частка пасеваў, затое раней пачынаем веснавую сяўбу. І калі такое надвор’е захаваецца, то пры штодзённай выпрацоўцы ў 100—150 гектараў за 15—16 дзён асноўныя работы на палях будуць выкананы.

А веснавая сяўба ў сельгаспрадпрыемстве складае 2446 гектараў. На іх будуць пасеяны наступныя культуры: ячмень, яравая пшаніца, зернебабовыя, яравы рапс, кукуруза, проса, грэчка, бульба і шэсць гектараў адводзіцца пад агародніну — капусту і моркву. Трэба сказаць, што пад проса ў сельгаспрадпрыемстве выдзяляецца 200 гектараў. Гэта культура цеплалюбівая і пакуль падыйдзе тэрмін для яе сяўбы, глеба прагрэецца. А па выніках папярэдніх гадоў культура дае нядрэнныя ўраджаі і адладжаны пунк збыту зерня важнай крупяной культуры. І на грэчку (25 гектараў высяваюць) існуе дзяржзаказ па рэалізацыі насення.

Пасяўнога матэрыялу, як сказала Святлана Уладзіміраўна, дастаткова на сяўбу і на перасеў. Усё насенне высокіх пасяўных кандыцый. Раённай інспекцыяй па насенняводству, каранціну і ахове раслін выдадзен на іх сертыфікат. Будуць папоўнены запасы эліты зерневых і зернебабовых культур.

Сёлета добра захавалася насенне бульбы. Яе ўжо перабралі і яна чакае сваёй чаргі, каб загарнуць у глебу на 50 гектарнай плошчы. Апошняй з культур  будзе пасеяна кукуруза, насення якой таксама дастаткова.

— Галоўнае, каб была забяспечанасць палівам і мінеральнымі  тукамі, — уключыўся ў размову дырэктар гаспадаркі Аляксандр Анатольевіч Маркевіч. — Чакаць няма часу і якія ёсць запасы, правільна размяркуем і выкарыстаем пад зерневыя, а таксама на падкормку шматгадовых траў. Паступова, па меры падсыхання глебы, праводзім наступныя работы: падкормку азімых, баранаванне выпасаў, вывозім арганіку. Дружныя ўсходы, як вядома, будуць пры строгім захоўванні ўсіх тэхналогій. На гэта настроены работнікі сельгаспрадпрыемства.

На 31 сакавіка ў КУВСП “Гарадзец” было ўзарана глебы на плошчы 36 гектараў, падкормлена азімых зерневых — 145 і рапса 93, пасеяна яравых зерневых — 103, унесена хлорыстага калію — 2905 гектараў, уносіцца арганіка.

Кацярына СОСНА.

Фота аўтара.

сеялка ў полі


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *