3 красавіка адбылася 1-я сесія раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання. У вялікую залу райвыканкама былі запрошаны члены райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, кіруючы склад выбарчых камісій. У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня райвыканкама М. І. Баговіч і старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў І. К. Вазміцель, які абраны дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў ад Шаркаўшчынскай выбарчай акругі.
Сесію адкрыла старшыня раённай выбарчай камісіі І. Ф. Бука. Ірэна Францаўна агучыла вынікі выбарчай кампаніі. На парадку дня першым стаяла пытанне абрання старшыні раённага Савета дэпутатаў. Народныя абраннікі адзінагалосна прагаласавалі за Уладзіміра Серафімавіча Шпяца. Намеснікам старшыні райсавета абрана Галіна Іванаўна Бондар.
На першай сесіі традыцыйна фарміруюцца пастаянныя камісіі і выбіраюцца іх старшыні. Пастаянную камісію па пытаннях мясцовага самакіравання і рэгламенту ўзначаліў Андрэй Мечыслававіч Федуковіч, пастаянную камісію па бюджэту і эканамічнаму развіццю — Алена Міхайлаўна Ціхановіч, пастаянную камісію па пытаннях аграпрамысловага комплексу і экалогіі — Міхаіл Мікалаевіч Якімовіч, пастаянную камісію па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы, сацыяльнай абароне грамадзян і справах моладзі — Мікалай Мікалаевіч Рубацкі.
У прэзідыум раённага Савета дэпутатаў увайшлі яго старшыня, намеснік старшыні, старшыні пастаянных камісій, а таксама Жанна Уладзіміраўна Палягошка.
Дэпутатамі былі разгледжаны некалькі рабочых пытанняў. На заканчэнні кіраўнік раёна М. І. Баговіч выканаў прыемную місію — уручыў 19-ці дэпутатам 26-га склікання, якія не ўвайшлі ў новы склад дэпутацкага корпусу, падзякі ад выканаўчага камітэта, а таксама кветкі за плённую працу на карысць раёна.
Шэраг асоб былі адзначаны за актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Дарэчы, намеснік старшыні райвыканкама Ю. А. Васілеўскі атрымаў Падзяку ад старшыні Віцебскага аблвыканкама А. М. Косінца за вялікі асабісты ўклад у забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзенне значных грамадска-палітычных мерапрыемстваў.
М. І. Баговіч павіншаваў дэпутатаў 27-га склікання з тым, што людзі даверылі ім важную справу — прадстаўляць іх інтарэсы. Мікалай Ірынархавіч зазначыў, што ў сучасных умовах ад дэпутатаў залежыць многае. Народныя абраннікі ўносяць значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну. Па словах кіраўніка раёна, дэпутаты разам з выканаўчай уладай будуць прыкладваць усе намаганні, каб палепшыць дабрабыт шаркаўчан, каб раён мацнеў і прыгажэў.
І. К. Вазміцель падзякаваў прысутным за падтрымку на выбарах. Іван Канстанцінавіч паабяцаў, што апраўдае давер шаркаўчан і будзе працаваць у інтарэсах выбаршчыкаў.
Аляксандр БАРЫЛА.








