Шаркаўшчына гуляе —  «Яблычны фэст» адзначае

#НАШАЛЕПШАЕ #НАШЕЛУЧШЕЕ Актуальное

 

Яскрава і відовішчна  праходзіць сёння пятае абласное свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыне, якое сабрала вялікае мноства гасцей не толькі з Беларусі, але і з замежжа.

У мінулыя гады мерапрыемства ладзілася на малой радзіме нашага земляка, садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі. Па рашэнні аргкамітэта сёлетняе свята праходзіць у гарадскім пасёлку.

У 11 гадзін на плошчы Леніна арганізатары і ўдзельнікі мітынгу, у тым ліку госці з Расійская Федэрацыі, ўсклалі кветкі да помніка воінам і партызанам, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гучныя фанфары а трынаццатай гадзіне абвясцілі аб адкрыцці абласнога свята «Яблычны фэст». Гасцей і ўдзельнікаў урачыстасці са сцэны адкрытай канцэртнай пляцоўкі вітала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Кашмілам.

— Дарагія сябры, як цёплае лета ў гэты дзень пераходзіць у шчодрую восень, так няхай усе вашы справы і пачынанні прынясуць плён, а мары пачнуць здзяйсняцца! Жадаю ўсім прыемнага адпачынку на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі, — прамовіў кіраўнік Шаркаўшчынскага раёна.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў пажадаў, каб «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыне развіваўся і збіраў гасцей з усіх куткоў краіны і замежжа.

У народзе лічыцца, што яблыкі, як і іншую садавіну новага ўраджаю, можна паспытаць толькі тады, калі яны будуць асвечаны свяшчэннаслужыцелем. Па праваслаўных канонах на галоўнай сцэне словы малітвы прачыталі святары, а затым  святой вадою акрапілі плады садавіны і гародніны.

Арганізатары свята загадзя паклапаціліся, каб падчас мерапрыемства былі задзейнічаны цэнтральныя плошчы і вуліцы гарадскога пасёлка. І не здарма, бо акрамя шаркаўчан прыехалі калектывы ажно з сямнаццаці гарадоў і раёнаў Віцебшчыны. На нашу гасцінную зямлю завіталі прафесійныя калектывы артыстаў з Мінска, нават з Пскова і Архангельска Расійскай Федэрацыі.

З расійскімі гасцямі шаркаўчане ажыццявілі  аўтапрабег «Дарогамі памяці і подзвігу» з раённага цэнтра у аграгарадок Германавічы, дзе наведалі музеі, гістарычныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

У гэты час у Шаркаўшчыне гучыць музыка, песні, на тэматычных пляцоўках праводзяцца выставы-прэзентацыі, літаратурныя чытанні, квэст-гульні, спартыўныя забавы. Шматлюдна  на падворках сельскіх Саветаў і арганізацый гарпасёлка, тут любы жадаючы мае магчымасць паспытаць стравы, у аснове якіх  яблыкі.

Працуе перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны.

Наперадзе шаркаўчан і гасцей нашага гарадскога пасёлка чакае шмат цікавага. Выступіць  харэаграфічны каллектыў «Авангард» з Пскоўскага раёна  Расійскай Федэрацыі. Прыхільнікі песеннай творчасці Нацыянальнага акадэмічнага хора імя Генадзя Цітовіча  могуць скарыстаюць магчымасць трапіць на канцэрт гэтага славутага калектыву.

«Нам памяць засталася ў спадчыну» — такую назву мае песенная праграма артыстаў з Архангельска.  Адбудзецца канцэрт  народнага ансамбля песні  «Фярцінка» з Полацка. Мілагучную ігру на саксафоне падорыць публіцы музыкант з Мінска Яўген Масленнікаў. Таксама выступяць шаркаўшчынскія артысты з канцэртнай праграмай «Таланты зямлі шаркаўшчынскай».

А завяршыцца абласное свята салютам, які афарбуе вечаровае неба над гарадскім пасёлкам у вясёлкавы колер.