Зводны механізаваны атрад з адзінаццаці зернеўборачных камбайнаў і чатырох грузавых аўтамашын з Гродзенскай вобласці прыйшоў на дапамогу шаркаўшчынскім хлебаробам.
Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона, тэхніка будзе задзейнічана ўа ўборцы зерневых культур на вызначаны тэрмін у чатырох гаспадарках раёна.
11 магутных зернеўборачных камбайнаў «Палессе» КЗС-1218 калонай, арганізаванай у горадзе Астравец, што на Гродзеншчыне, прайшлі 10-гадзінны шлях праз Пастаўскі і Браслаўскі раёны, каб трапіць на дапамогу шаркаўчанам. У мехатрадзе, як мы даведаліся ў гутарцы з механізатарамі, тэхніка са Смаргонскага і Іўеўскага раёнаў.
Уладзімір Урбановіч, камбайнер:
— Я працую на Смагорншчыне. Кіраўніцтва нашага сельгаспрадпрыемства камандзіравала на Віцебшчыну, каб дапамагчы мясцовым аграрыям ва ўборцы зерневых культур. Буду прыкладаць намаганні, каб абмалаціць як мага больш гектараў, галоўнае цяпер — надвор’е.
Віктар Ярошка, камбайнер:
— У тры гадзіны ночы выехаў з Іўя. У Гальшанах, Смаргоні, Астраўцы да нас далучыліся іншыя камбайны. У такую дальнюю камандзіроўку трапіў упершыню. Жытнёвыя палеткі ў сваёй гаспадарцы мы абмалацілі, цяпер з вялікай ахвотай будзем дапамагаць шаркаўшчынскім вясковым працаўнікам.
11 камбайнаў, як толькі спадзе раса на жніўных палетках, прыступяць да абмалоту зерневых культур. 2 экіпажы гродзенскіх хлебаробаў будуць працаваць у ААТ «Даватарскі», такая ж колькасць — КУВСП імя Маркава, 3 акажуць дапамогу аграрыям ААТ «Буеўшчына», 4 — ААТ «Жвіранка».
Па стане на 21 жніўня зерневыя і зернебабовыя культуры ў Шаркаўшчынскім раёне убраны на плошчы 5888 гектараў, што складае 40 працэнтаў ад задання. Відавочна, што дапамога гродзенцаў на жніве вельмі дарэчы.



