У лідарах сярод даярак — аператары машыннага даення ААТ «Княж»

Общество Сельское хозяйство

Па выніках раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення за ліпень першае месца заняла даярка малочнатаварнай фермы «Германавічы» адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» Алена Кенда.

Сустрэліся мы з жанчынай падчас вячэрняга даення кароў на пашы, куды разам з іншымі даяркамі іх прывезлі на працу.

— У галіне жывёлагадоўлі я занята васямнаццаць гадоў, — тлумачыць Алена. — На нашай ферме працуюць перадавыя аператары машыннага даення, таму і я стараюся дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў. У гурце, які я абслугоўваю налічваецца 58 кароў, з іх дойных — 53. Напэўна, дзякуючы трапяткім адносінам да жывёлы, у мяне атрымоўваецца быць у лідарах па надоях малака. Безумоўна, на гэта яшчэ ўплывае праца пастухоў, спецыялістаў зоатэхнічнай і ветэрынарнай служб, наяўнасць канцэнтратаў.

— За мінулы месяц валавы надой малака з гутра кароў, які абслугоўвае Алена, склаў 33 тоны, у сярэднім ад адной каровы атрымана 602 кілаграмы гэтага каштоўнага прадукта, — кажа загадчык МТФ Людміла Яблонская. — Нядрэнныя паказчыкі і ў астатніх даярак Алены Мухамора, Людмілы Захарэвіч, Марыі Рыкун. За ліпень са статка кароў (220 галоў) мы змаглі атрымаць 117 тон малака. А гэта высокая лічба, за якой стаяць сумленныя адносіны да працы ўсіх жывёлаводаў, у тым ліку і Алены Кенда.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.