З асноўным дакладам выступіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Кацярына Міхнёнак:
— 1 верасня ўстановы адукацыі раёна расчыняць свае дзверы для 1417 дзяцей. Будуць працаваць 6 дашкольных устаноў, 6 сярэдніх школ, цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы дом сямейнага тыпу.
У сучасных умовах на першым месцы па значнасці знаходзіцца кадравае забеспячэнне ўстаноў адукацыі. Сёння тут працуюць 268 педагагічных работнікаў, з іх 56 — выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі, 81 працэнт педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, 84 працэнты — вышэйшую адукацыю.
Сваімі думкамі аб рэалізацыі галоўных педагагічных задач на практыцы падзяліліся загадчык дзіцячага сада № 3 райцэнтра Ірына Лагунова, намеснік дырэктара СШ № 1 гарадскога пасёлка Наталля Атрахімовіч і кіраўнік па ваенна-патрыятычнаму выхаванню СШ № 1 г. п. Шаркаўшчына Алесь Шышко.
Удзельнікаў педагагічнай нарады вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў. Ён павіншаваў педагогаў з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў вытрымкі, творчых дасягненняў і кар’ернага росту.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў лепшым педагогам граматы Міністэрства адукацыі,Ганаровыя граматы і падзякі раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта.
Кацярына Міхнёнак ва ўрачыстай атмасферы ўзнагародзіла шэраг педагагічных работнікаў Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама, уручыла пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару аддзела па адукацыі райвыканкама.
На ўрачыстасці прысутнічалі маладыя педагогі, якія ў гэтым годзе пачалі працаваць у нашым раёне: Маргарыта Ананіч — педагог-арганізатар, настаўнік музыкі Більдзюжскай СШ, Крысціна Рэдзіка — настаўнік матэматыкі і інфарматыкі СШ № 1.
Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас людзей, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак, перадаўшы свае вопыт і талент маладому пакаленню.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.



















