Калі жніво ў раёне ўвайшло ў актыўную фазу, у гаспадарках з’явіліся першыя тысячнікі — тыя, хто намалаціў або перавёз ад камбайнаў тысячу і больш тон зерня.
Сярод хлебаробаў на дастойным узроўні ўтрымлівае свае лідзіруючыя пазіцыі механізатар ААТ «Даватарскі» Юрый Ардынскі. Імя гэтага хлебароба добра вядома чытачам не толькі раённай, але абласной і рэспубліканскіх газет. Мужчына кіруе камбайнам бельгійскай вытворчасці «New Holland» з 2018 года. За папярэднія сем сезонаў агульны намалот склаў звыш шаснаццаці тысяч тон зерня ў бункернай вазе. Самым ураджайным быў для Юрыя 2019 год, тады ён адправіў у дзяржаўныя засекі 3600 тон зерня, гэта з’яўляецца шаркаўшчынскім рэкордам.
І сёлета мужчына знаходзіцца ў лідарах сярод камбайнераў. Па зводцы райсельгасхарчу ён другім па ліку ў раёне намалаціў 1000 тон зерня.
Са значным працоўным дасягненнем ветэрана сельгасвытворчасці прыехалі павіншаваць у поле першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, прадстаўнікі адміністрацыі ААТ «Даватарскі». Гучала мноства цёплых слоў віншаванняў і добрых пажаданняў у адрас хлебароба. Усе прысутныя ўручылі камбайнеру каштоўныя падарункі. Завіталі ў той дзень да механізатараў работнікі ўстаноў культуры райцэнтра. З задавальненнем Юрый Ардынскі і іншыя аграрыі слухалі, як разносяцца звонкія пералівы музыкі і песень па-над жніўным полем.


