Па выніках раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення за ліпень першае месца заняла даярка малочнатаварнай фермы «Германавічы» адкрытага акцыянернага таварыства «Княж» Алена Кенда.
Сустрэліся мы з жанчынай падчас вячэрняга даення кароў на пашы, куды разам з іншымі даяркамі іх прывезлі на працу.
— У галіне жывёлагадоўлі я занята васямнаццаць гадоў, — тлумачыць Алена. — На нашай ферме працуюць перадавыя аператары машыннага даення, таму і я стараюся дасягаць высокіх вытворчых паказчыкаў. У гурце, які я абслугоўваю налічваецца 58 кароў, з іх дойных — 53. Напэўна, дзякуючы трапяткім адносінам да жывёлы, у мяне атрымліваецца быць у лідарах па надоях малака. Безумоўна, на гэта яшчэ ўплывае праца пастухоў, спецыялістаў зоатэхнічнай і ветэрынарнай служб, наяўнасць канцэнтратаў.
— За мінулы месяц валавы надой малака з гутра кароў, які абслугоўвае Алена, склаў 33 тоны, у сярэднім ад адной каровы атрымана 602 кілаграмы гэтага каштоўнага прадукту, — кажа загадчык МТФ Людміла Яблонская. — Нядрэнныя паказчыкі і ў астатніх даярак Алены Мухамора, Людмілы Захарэвіч, Марыі Рыкун. За ліпень са статка кароў (220 галоў) мы змаглі атрымаць 117 тон малака. А гэта высокая лічба, за якой стаяць сумленныя адносіны да працы ўсіх жывёлаводаў, у тым ліку і Алены Кенда.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

