Героямі праекта «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль» стала шматдзетная сям’я Наталіі і Сяргея Лапо з аграгарадка Лужкі

Молодежь Общество

Пошук баланса паміж работай і сям’ёй — складаная задача, для настаўніка асабліва. Прынесці сшыткі дадому, перапісвацца вечарамі з бацькамі ў чаце, своечасова адказваць на тэлефонныя званкі — усё гэта звычайны дзень педагога. А як настаўніку знайсці энергію для вучняў у школе и для асабістых дзяцей дома, асабліва калі яны яшчэ зусім маленькія? Адказ на гэта пытанне шукаем разам з маці траіх дзяцей Наталіяй Лапо з аграгарадка Лужкі.

11 год разам

Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску апошнія тры гады Наталія  працуе сацыяльным педагогам і выкладае рускую мову і літаратуру вучням 6-га класа ў Лужкаўскай сярэдняй школе. А дома яе з нецярпеннем чакаюць трое сваіх дзетак: дзевяцігадовая Вікторыя, сямігадовая Юлія і малодшы Раман — хлопчыку ў верасні споўніцца 5 год.

Наталія родам з вёскі Азярцы Глыбоцкага раёна. Яе муж Сяргей — карэнны жыхар аграгарадка Лужкі, працуе электраманцёрам — вадзіцелем аператыўна-выязной брыгады Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак. Муж і жонка пазнаёміліся праз інтэрнэт, сталі сустракацца, а 11 год назад стварылі сям’ю. Наталія пераехала ў дом Сяргея, які яму дастаўся ад бацькоў. Пасля нараджэння дзяцей сямейная пара атрымала ільготны крэдыт на паляпшэнне жыллёвых умоў, зрабіла рамонт у доме. Зараз завяршаюцца будаўнічыя работы на другім паверсе.

Пакліча верасень у школу

На наступным тыдні для Наталіі, як і для яе дзяўчынак,  пачнецца новы навучальны год. На маё пытанне «Ці дапамагае работа ў школе выхоўваць уласных дзяцей?» шматдзеная маці адказала наступным чынам:

— Каб быць добрым педагогам, недастаткова проста валодаць трывалымі ведамі па прадмету і эфектыўнымі методыкамі навучання. Я вельмі люблю дзяцей і ўпэўнена, што менавіта гэта якасць — найважнейшая для настаўніка. Са з’яўленнем уласных дзетак я стала адносіцца да вучняў больш пяшчотна, стала лепш іх разумець. На сваіх дзяцей таксама гляджу праз прызму іншых і заўважаю, якія яны ў мяне залатыя. Да вучняў стала менш патрабавальнай, зразумела, што не могуць яны быць ідэальнымі, бо нават калі мае ўласныя не заўсёды паводзяць сябе так, як я б хацела (і гэта нармальна), іншыя таксама маюць права на памылкі. Я стала больш уважліва глядзець на бацькоў і спачуваць дзецям, якім не хапае ўвагі ў сваіх сем’ях дома.

Мае дочкі, Вікторыя і Юля, перайшлі ў чацвёрты і другі клас Лужкаўскай СШ, дзе я працую настаўніцай. Яны заўсёды ў цэнтры маёй увагі. З усімі настаўнікамі штодзённа на сувязі, таму дакладна ведаю пра іх праблемы і поспехі. І ў той жа час разумею, што дзецям настаўнікаў у школе зусім няпроста, яны заўсёды пад пільнай увагай не толькі  мамы-педагога, але і іншых настаўнікаў і вучняў. Так фарміруецца гіперадказнасць: мая мама настаўніца, і я не магу штосьці не вывучыць ці дрэнна сябе паводзіць.

Яшчэ ў дэкрэтным водпуску я шмат увагі надавала таму, каб належным чынам падрыхтаваць сваіх дзяцей да вучобы ў школе. З Вікай, а потым з Юляй вучылі літары, спрабавалі чытаць, выкарыстоўвалі розныя методыкі навучання. Трэба сказаць, што мая адукацыя, а па спецыяльнасці я настаўніца пачатковых класаў і сацыяльны педагог, мне ў гэтым дапамагла.

Зараз падрыхтоўку да заняткаў у Вікторыі мне ўжо не трэба кантраляваць. Дамашнія заданні яна робіць самастойна. У яе выдатныя адзнакі па ўсіх школьных прадметах, ёсць граматы і дыпломы за перамогу ў конкурсах і алімпіядах. Вікторыя старанная і мэтанакіраваная дзяўчынка. У вольны час яна любіць маляваць, збіраць штосьці з канструктара лега, ну і, вядома, гуляць у камп’ютарныя гульні.

Сярэдняй дачцэ Юліі хутка споўніцца 8 год. У яе пакуль што не хапае цярпення доўга займацца адной справай. Як і старэйшая сястра, яна вельмі любіць маляваць, гуляць у камп’ютар, катацца на ролікавых каньках, гуляць з сябрамі. Яна таксама дэманструе поспехі ў вучобе, з нецярпеннем чакае моманту, калі пачне атрымліваць адзнакі. У першым і другім класах яны пакуль не ставяцца.

Малодшы ў сям’і Рома — надзейны памочнік для таты. Сяргей у вольны час рамантуе тэхніку, уласны аўтамабіль або трактар, з дапамогай якога апрацоўвае зямельны надзел. Рома ў такія моманты заўсёды побач. Хлопчык наведвае дзіцячы сад, любіць гуляць са старэйшымі сёстрамі, цікавіцца ўсім, што бачыць навокал.

Пад ветразем сям’і

Самы любімы від адпачынку для шматдзетнай сям’і — паходы ў лес або выезды на прыроду разам з дзецьмі. Гэта выдатны спосаб адарвацца ад штодзённых праблем, пабыць адзін дзень без гаджэтаў і правесці час на свежым паветры, умацаваць сямейныя сувязі. Такія моманты застаюцца ў памяці надоўга не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых.

А яшчэ ўся сям’я вельмі любіць, калі маці гатуе для іх смачныя дэсерты: пірагі, торты, разнастайную выпечку. Пакуль працяглы час знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, Наталію захапіла кулінарыя. Зараз яна з усмешкай адзначае, што не так важна, наколькі ты таленавіты кандытар, галоўнае — быць упартым і спрабаваць не адзін раз. Таму, як толькі з’явіцца вольная хвілінка, яна з любоўю і энтузіязмам гатуе для родных смачныя дэсерты, прыдумвае да іх упрыгожванні, карацей кажучы, як і многія гаспадыні, завіхаецца на сваёй невялікай кухні. І ў гэтай цікавай і надзвычай салодкай справе ёй абавязкова дапамагаюць дзеці. А як жа без іх?

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.