11 камбайнаў з Гродзенскай вобласці працавалі на жніўных палетках нашага раёна

Общество Сельское хозяйство

Як паведамлялася ў мінулых нумарах раённай газеты, напрыканцы ліпеня на дапамогу нашым хлебаробам прыйшлі камбайнеры з Гродзенскай вобласці.

Працавалі яны ў чатырох гаспадарках. Мікалай Швайкоўскі (на здымку) і Віктар Ярошка дапамагалі убіраць збажыну ў ААТ «Буеўшчына». У дзень нашага наведвання камбайнеры шчыравалі на абмалоце трыцікале каля вёскі Корніца. Разам з імі працаваў і мясцовы хлебароб Сяргей Носка.

— Глеба ў вашай мясцовасці вельмі цяжкая, — кажа Мікалай. — Амаль кожны дзень ідзе дождж, што стварае вялікую перашкоду. Тым не менш, стараемся рацыянальна выкарыстоўваць кожную пагодную хвіліну, каб унесці свой уклад у шаркаўшчынскі каравай.

Мікалай і Віктар працуюць у сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Лаздуны-Агра» Іўеўскага раёна, абодва камбайнеры-тысячнікі.

— Пераадолелі шлях ад Іўя да Шаркаўшчыны амаль у 280 кіламетраў, — далучыўся да гутаркі Віктар. — Адлегласць вялікая, але галоўнае, што сваёй працай мы робім агульную справу — убіраем хлеб, ствараем харчовую бяспеку краіны.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.