
ААТ “Даватарскі” з году у год атрымлівае высокія ўраджаі збажыны. Гэта і не выпадкова. Шмат складаемых, якія забяспечваюць поспех у атрыманні прадукцыі з поля. Дастаткова сказаць, што кіруе галіной вопытны спецыяліст сваёй справы — галоўны аграном Павел Паўлавіч Яфімаў, закладваюць аснову будучаму ўраджаю старанныя працаўнікі. На слыху прозвішчы Дарашчонак, Седзюкевіч, Чарняўскі, Баговіч і многія-многія іншыя. У гаспадарцы эканомілі сродкі, каб можна было набыць мінеральныя тукі і ўносіць пад культуры.

У адзін з веснавых дзён, пры нашым наведванні, разгорнуты былі ўсе віды работ на асушаных пасля меліярацыі землях. За вёскай Пятровічы сяўбой ячменю займаліся Мікалай Дарашчонак і Валерый Ласоўскі. Поле ў 100 гектараў, амаль паўкіламетра даўжыня гону. Механізатары адзін за адным ездзяць на энерганасычаных трактарах МТЗ-1221 з шыроказахопнымі сеялкамі АПП-6А і загортваюць насенне ў глебу. За светлавы дзень у некалькі разоў перавыконваюць дзённыя нормы выпрацоўкі. Не дае прастойваць тэхніцы шафёр Андрэй Крывашонак. Ён на прыстасаванай аўтамашыне запраўляе сеялкі пратручаным насеннем.
Насупраць гэтага поля, праз шырокі меліярацыйны канал, зелянее азіміна. Азотнымі тукамі падкармлівае пасевы лёгкай “РДУ-шкай” Пётр Чарняўскі, следам барануюць Мікалай Баговіч і Алег Маркушонак.
Надвор’е спрыяе хлебаробу, і ён разважліва, не спяшаючыся, акуратна з дня на дзень выконвае належную працу ў полі.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
