26 красавіка — Дзень Чарнобыльскай трагедыі. Ужо 28 гадоў прайшло з той пары, як адбылася самая буйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва. Катастрофа, што цалкам змяніла лёс і жыццё мільёнаў людзей, якія жылі на прасторах былога Савецкага Саюза. Асаблівы цяжар аварыі адчулі на сабе Украінская, Беларуская ССР і РСФСР, на памежжы якіх і размяшчалася атамная электрастанцыя.
Адразу ж пасля ўзрыву пачалі фарміравацца атрады па ліквідацыі катастрофы з ліку ваеннаслужачых, пажарных, міліцыянераў і грамадзянскага насельніцтва, усяго больш 600 тысяч чалавек за перыяд 1986—1992 гадоў. На другі дзень пасля катастрофы ў саставе палка грамадзянскай абароны разам з іншымі праводзіў работы па ліквідацыі ядзернага ўзрыву наш зямляк Іван Ананіч. У пачатку мая ў складзе аб’яднанага атрада МУС Віцебскай вобласці на ахову аб’ектаў, якія знаходзіліся ў 30-кіламетровай зоне, накіраваліся супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАУС Расціслаў Качан і Барыс Альшэўскі. Пасля на небяспечнай тэрыторыі неслі службу Анатолій Праннік, Аляксандр Александровіч, Валерый Малыш, Часлаў Пугаўка, Леанід Петручэня, Мікалай Мядзюха, Леанід Сіповіч і яшчэ васямнаццаць нашых землякоў, работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС Пётр Баравік падкрэслівае, што кожны з шаркаўчан, каму была даверана ахова аб’ектаў дзяржаўнай і ўласнай маёмасці ў заражанай радыенуклідамі зоне, займаючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, праявіў высокую стойкасць і вытрымку, нават нягледзячы на высокую рызыку апраменьвання арганізма. Сёння некаторых з іх, на жаль, няма ў жывых. І хоць прайшоў досыць вялікі адрэзак часу, ліквідатары аварыі на ЧАЭС і зараз знаходзяцца ў цесных сяброўскіх зносінах, аказваюць адзін аднаму рознабаковую падтрымку. Восенню мінулага года яны ўстанавілі помнік на магіле свайго таварыша Мікалая Мядзюхі. Назаўсёды ў памяці калег застанецца і іх саслужывец Барыс Альшэўскі.
Канечне, сённяшні дзень своеасаблі для ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. А для нас усіх галоўнае, памятаць, што яны, рызыкуючы сваім жыццём, рабілі ўсё магчымае ў імя здароўя жыхароў нашай краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.
