Сям’я Сяргея і Галіны Вярховічаў з гарадскога пасёлка — героі праекта «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»

Общество

Дзяцей называюць кветкамі жыцця, увасабленнем лепшых якасцяў сваіх бацькоў. Выхаванне — прыемная, такая  неабходная, але зусім нялёгкая праца. У сям’і Сяргея і Галіны Вярховічаў з гарадскога пасёлка падрастаюць трое дзетак. Выхаваць іх шчаслівымі, працавітымі і годнымі людзьмі — галоўная задача бацькоў.

За годнае выхаванне дзяцей

На ўрачыстай цырымоніі ў Віцебску ў Дзень маці Галіна Вярховіч стала лаўрэатам прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.Такую ўзнагароду кожны год уручаюць лепшым мамам ад кожнага раёна (горада) вобласці, каб павышаўся прэстыж мацярынства і ўмацоўваўся інстытут сям’і.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін падчас віншавання лаўрэатаў прэміі і ўладальніц ордэна Маці адзначыў, што мацярынскія любоў і клопат праяўляюцца ў кожным дзеянні, накіраваным на падтрымку і клопат сваіх дзяцей. Якія мы зараз і якімі будзем — усё гэта закладваецца намаганнямі нашых матуль. Іх працавітасць — нам прыклад, іх веды і ўменні — наша аснова, наша сіла. Мамы робяць усё магчымае, каб іх дзеці былі шчаслівымі, атуляюць іх любоўю і клопатам.Чым больш у краіне такіх жанчын, тым мацнейшай будзе наша дзяржава, — было адзначана на ўрачыстасці ў Віцебску. Вось і наша зямлячка Галіна Вярховіч паспявае клапаціцца не толькі аб сваёй сям’і, але і аб адзінокіх, пажылых людзях, пражываючых у нашым гарадскім пасёлку. Галіна — сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У яе на абслугоўванні 10 чалавек.

Многае раскажа прафесія

— Радуе тая акалічнасць, што пажылыя людзі, якіх я абслугоўваю, а на сённяшні дзень гэта дзесяць чалавек, усе добразычлівыя, спагадлівыя, — расказала Галіна. — Пражываюць яны ў гарадскім пасёлку. Згодна з распрацаваным і зацверджаным графікам работы кожны дзень  наведваю ад чатырох да пяці чалавек. Існуе пералік тых абавязкаў, якія павінен выконваць сацыяльны работнік. Гэта набыццё тавараў у краме, лекаў у аптэцы, уборка ў доме, прыгатаванне ежы, шмат іншага. Але акрамя вышэйпералічанага стараюся быць максімальна карыснай людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Бо ўжо прывыкла да кожнага, за кім ажыццяўляю догляд,  многіх успрымаю як родных людзей.

Муж Галіны Сяргей  звыш сямі год працуе трактарыстам Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці з дапамогай сямейнага капіталу сям’я Вярховіч купіла ў Шаркаўшчыне уласны дом, паступова перабудавала яго, істотна павялічыўшы плошчу. «З таго часу будаўніцтва стала нашым хобі», — з усмешкай адзначаюць дарослыя члены сям’і. Рамонтныя работы ў асноўным ажыццяўлялі ўласнымі сіламі. Сяргей да таго, як уладкавацца на працу на прадпрыемства меліярацыйных сістэм, пэўны  час быў будаўніком. Многае навучыўся рабіць сам. Зараз у доме тры прасторныя жылыя пакоі, праведзены ўсе неабходныя камунікацыі, ацяпленне. Гаспадары шмат сіл і сродкаў уклалі ў рамонт, замянілі дах, падлогу, зрабілі шмат іншага. У планах — добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі і вонкавыя аддзелачныя работы.

Бацькоўскай любові хапае на  ўсіх

У паўсядзённых клопатах жыццё праходзіць імкліва. Бацькі прызналіся, быццам нядаўна быў той дзень, калі пазнаёміліся. А зараз ужо старэйшай дачцэ Вераніцы 12 год. І, калі азірнуцца назад, на той шлях, які прайшлі разам, то ўзадваецца, што крочылі ўпэўнена, у любові, павазе, заўсёды ва ўсім падтрымлівалі адзін аднаго. Гонарам бацькоў з’яўляюцца дзеці, якія нарадзіліся ў сям’і.

Старэйшая дачка Вераніка — прыклад для малодшых. Яна вучыцца ў сёмым класе сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка, захапляецца музыкай, алмазнай мазаікай, лепкай з гліны, добра спявае, дапамагае маці па гаспадарцы.

Васьмігадовы Руслан вучыцца ў другім класе. Як і старэйшая сястра, хлопчык любіць маляваць, а яшчэ з задавальненнем збірае розныя мадэлі тэхнікі з канструктара і гуляе ў футбол.

Малодшы ў сям’і — шасцігадовы  Дзіма — апошні год наведвае дзіцячы садок. Хлопчык — усеагульны любімец, падрастае вельмі хутка, многаму вучыцца ў старэйшых дзяцей, а ў наступным годзе стане першакласнікам.

— Для кожнага з нас сям’я — гэта месца, куды вядуць усе жыццёвыя дарогі, найбольшае шчасце, якое чалавек можа стварыць сам, — упэўнена Галіна Вярховіч. — Быць маці, вядома ж, няпроста. І ў мяне не адразу ўсё атрымлівалася. Паступова я навучылася дакладна расстаўляць прыярытэты і правільна размяркоўваць хатнія абавязкі. Так і для сябе час знаходзіцца, і для кожнага члена нашай дастаткова вялікай сям’і. З самага дзяцінства мы, бацькі, вучым сваіх дзяцей самастойнасці, уменню арганізаваць час, ставіць мэты і працаваць эфектыўна. А дзеці, дзякуючы сваёй непасрэднасці, вучаць нас быць шчаслівымі.

Асабіста мне падабаецца працаваць у агародзе і цяпліцы, даглядаць расліны, вырошчваць будучы ўраджай. Як і ў  большасці сем’яў, будзённыя справы ў нас займаюць штат часу, аднак і для душы яго знаходзім. У выхадныя хлопчыкаў нібы магнітам прыцягвае вуліца — хутчэй да таты, дапамагаць! А дачка ля мяне, наводзім дома парадак. Па вечарах стараемся згатаваць штосьці смачненькае, урокі зрабіць, да работы падрыхтавацца — так і дзень пралятае. Калі ж здараецца вольны час, стараемся праводзіць яго разам і па магчымасці актыўна. Такія моманты не забываюцца.

Віншуем Галіну Вярховіч з атрыманай узнагародай, а ўсім сем’ям нашага рэгіёну жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнай цеплыні, утульнасці, штодзённых усмешак, спакою на душы і каб дзеці натхнялі на новыя подзвігі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і Аляксея Вронскага.