Шаркаўшчынскі раён наведалі прадстаўнікі рэспубліканскай і абласной улад

Общество Сельское хозяйство

Шаркаўшчынскі раён з рабочым візітам наведалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны кіраўніка дзяржавы па Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка і старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін.

Яны прынялі ўдзел у адкрыцці прыватнага прадпрыемства «Арганічныя прадукты» і будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. п. Шаркаўшчына.

Затым Ігар Сергяенка і Аляксандр Субоцін наведалі адкрытае акцыянернае таварыства «Агратэхсэрвіс». Першым пунктам візіту стаў малочнатаварны комплекс «Пашкі», дзе прадстаўнікі ўлады азнаёміліся з зімова-стойлавым утрыманнем буйной рагатай жывёлы, умовамі працы работнікаў. Старшыні райвыканкама Сяргею Кашмілу, кіраўніку сельгаспрадпрыемства Міхаілу Кавалёнку, галоўным спецыялістам гаспадаркі дадзена даручэнне аб павелічэнні надояў малака і прываг жывёлы, бо менавіта ад гэтых фактараў залежыць фінансавы прыбытак не толькі акцыянернага таварыства, але і кожнага яго работніка.

Ігар Сергяенка і Аляксандр Субоцін пацікавіліся справамі ў цэнтральных механічных майстэрнях гаспадаркі, якія размяшчаюцца ў гарадскім пасёлку. Яны засталіся задаволены чысцінёй і парадкам на механічным двары. У сваёй асноўнай частцы тэхніка, трактары і грузавыя машыны, знаходзіліся на палетках або ў рэйсах. На дадзены момант у гаспадарцы, як і ў іншых сельгаспрадпрыемствах, ідзе ўздым зябліва. У майстэрнях праводзіцца рамонт сельгастэхнікі, прычапных агрэгатаў да яе. У «Агратэхсэрвісе» час дарэмна не марнуюць, а загадзя займаюцца падрыхтоўкай да сяўбы 2026 года.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.