Праведзены рамонт вуліцы Вішнёвай у гарадскім пасёлку

Добраўпарадкаванне Общество

Дзякуючы намаганням УКП ЖКГ і сіламі дарожнай арганізацыі ДРБУ-131 адрамантаваны ўчастак праезнай часткі вуліцы Вішнёвай у гарадскім пасёлку.

Мясцовыя жыхары часта адчуваюць нязручнасці пры перамяшчэнні па гэтай дарозе на аўтамабілі або пешшу. Асабліва, калі пройдуць дажджы або ў зімовую слоту. Безумоўна, што капітальны рамонт патрабуе вялікіх фінансавых затрат. Таму дарожнікі накіравалі сюды сваю тэхніку, каб выправіць сітуацыю ў лепшы бок. На грузавых аўтамабілях даставілі пясчана-гравійную сумесь, а затым аўтагрэйдэрам разраўнавалі яе, аднавіўшы такім чынам дарожнае палатно.

— Пры спрыяльных умовах надвор’я наша тэхніка працуе кожны дзень на рамонце вуліц або у гарадскім пасёлку, або у сельскай мясцовасці, — кажа машыніст аўтагрэйдэра Анатоль Лук’янёнак. — Зразумела, што мы не ў стане на ўсіх дарогах пакласці асфальт. Тым не менш, рэагуем на звароты грамадзян, звязаныя з грэйдзіраваннем праезных частак, падсыпкай вуліц пясчана-гравійнай сумессю.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.