
Няўрымслівы, цікаўны, апантаны чалавек — Іосіф Леанідавіч Квач — жыве ў вёсцы Жукоўшчына. Як і большасць вёсак, яна старэе, разам з ёй і жыхары. Тое ж адбываецца і з суседнімі вёскамі. Іосіф Леанідавіч імкнецца, пакуль не позна, распытаць у старэйшых жыхароў, як яны жылі раней, чым карысталіся ў абыходку, якія выкарыстоўвалі прылады працы, што захавалася па сённяшні дзень у іх памяці і гэтак далей. На гэты раз аматар даўніны даведаўся пра абутак — лапці, якія насілі ў ранейшыя часы амаль да сярэдзіны 20 стагоддзя простыя сяляне. Цяпер гэтыя рэчы можна пабачыць, хіба што, у музеях, або ў некаторых гістарычных фільмах. Ды і майстроў пляцення лапцяў зараз можна пералічыць па пальцах. Раней жа гэту навуку ведалі амаль ўсе, бо тады хромавыя боты мелі толькі больш заможныя людзі і абувалі іх па святах, а простым — іх было не дакупіцца. А лапці былі кожнаму даступныя. Тэрмін службы такога абутку невялікі, і, каб яго прадоўжыць, падноскі апляталі вяроўкамі. А вось звычайных лапцяў магло не хапіць нават на адну вечарыну — так гарэзліва танчылі ды скакалі ў іх. Як прыгадвае жыхарка вёскі Алашкі Ніна Іванаўна Брэская, на вечарыну абувалі лапці хлопцы і дзяўчаты, а другую пару прымацоўвалі да пояса пра запас. Нездарма ж танчылі і падпявалі: “Танцуй, Мацвей, не шкадуй лапцей, гэтыя парвуцца, новыя сплятуцца!”
— Захацелася і мне даведацца, як плялі лапці, — прызнаецца Іосіф Леанідавіч. — Вядома ж, у розных рэгіёнах яны былі адметнымі, іх вырабляў кожны на свой густ і фасон. Аказваецца і ў нашай мясцовасці яшчэ ёсць такі майстар. Ім з’яўляецца жыхар вёскі Грыблы Дзмітрый Уладзіміравіч Андрэйчык. Маёй просьбе ён не адмовіў, але сказаў надраць самому лыка. І вось гэта аказалася для мяне не такой простай справай. Раней гонкіх дубцоў ліпы можна было нарэзаць і ў сваіх садках, а тут давялося ісці праз усё балота ў лес пад назвай Бярозава, дзе расло шмат ліпаў. Там і нарэзаў дубцоў (луты), затым іх разам з майстрам шчапалі і аддзялялі лыка. Раней лапці плялі або са свежага лыка, або з высушанага, якое папярэдне замочвалі. Праўда, такія лапці атрымліваліся цёмнага колеру. З маёй задумкі нічога не атрымалася, але выйсце знайшлося. Такога, ужо гатовага лыка мы раздабылі ў аднавяскоўцаў на гарышчы. Майстар прызнаў, што гэтай нарыхтоўцы ўжо больш як 50 год і, тым не менш, яна была прыдатная для работы. Дзмітрый Уладзіміравіч займаўся сваім рамяством, я сачыў за яго рукамі, а той адначасова расказваў пра цікавы выпадак. Было гэта пры польскай уладзе. Яго бацька надраў у лесе лыка і схаваў у хаце пад падлогай. Але ў вёсцы нічога не ўтаіш. Знайшоўся нядобразычлівец, які паведаміў аб гэтым паліцыі. Бацька некалькі сутак адсядзеў у пастарунку і заплаціў вялікі штраф. Потым казаў, што за гэтыя грошы купіў бы не адну пару добрых ботаў. А здарылася так таму, што ён не атрымаў дазволу аб знішчэнні дрэўцаў. (На пару такога абутку трэба выкарыстаць тры маладыя ліпы).
Дзмітрый Уладзіміравіч наважыўся плясці лапці па старому ўзору, бо і ён гэту работу ўжо даўно выконваў і не так удала адразу атрымлівалася. Прыкладваў, прымяраў, перарабляў. І вось праз нейкую гадзіну я ўжо прымяраў свой абутак. На ногі давялося абкруціць ільняныя анучкі, падвязаць доўгімі шнуркамі — аборкамі. Нагам у такім абутку ўтульна — і паветра праз дзірачкі праходзіць, і ўсё натуральнае. Але гэта добра адчуваць летам і калі на двары суха. А людзі ж насілі лапці амаль круглы год: і ў дождж, і ў слоту, і па расе, і ў замаразкі, пакуль у валёнкі не абуюцца ўзімку. Канечне ж, з цяперашнім абуткам лапці не параўнаць, але на той час яны былі ў пашане.
Існуе ў абыходцы выраз — чуні. Вяроўкавыя лапці называлі так, іх надзявалі дома або для работы ў полі ў гарачае, сухое надвор’е.
Больш святочныя лапці плялі з конскіх валасоў.
Яшчэ паважаны Дзмітрый Уладзіміравіч умее і зараз пляце вялікія корабы (карзінкі) для сена. Дзядзька Меця, як яго ўсе тут клічуць, у свае 82 гады, яшчэ адчувае сябе бадзёра і гатовы падзяліцца сваім майстэрствам з кожным, хто пажадае.
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.