Члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» правялі чарговую нараду, на якой разгледзелі шэраг арганізацыйных пытанняў.
Кіраўнік арганізацыі Валерый Ан расказаў пра работу, якую афіцэры правялі ў мінулым і працягваюць у сёлетнім годзе. Гэта ўдзел у выхаваўчых мерапрыемствах для прадстаўнікоў падрастаючага пакалення, у дзяржаўных святах патрыятычнай накіраванасці, выступленні ў школах і маладзёжных калектывах арганізацый раёна, аказанне матэрыяльнай дапамогі сацыяльным установам, удзел у рэспубліканскіх дабрачынных акцыях.
На нарадзе было прапанавана выбраць новы склад Савета арганізацыі і рэвізійнай камісіі. Аднагалосна на чарговы тэрмін кіраўніком пераабраны падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Ан, яго намеснікам стаў падпалкоўнік запасу Валерый Ліпскі, сакратаром — падпалкоўнік запасу Андрэй Протас. Рэвізійную камісію ўзначаліў начальнік адасобленай групы (Шаркаўшчынскага раёна) ваеннага камісарыята Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў маёр Дзмітрый Жораў.
Амаль кожны месяц у рады Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» уступаюць новыя члены. Як адзначыў Валерый Ан, гэта не толькі нашы землякі, але і жыхары суседніх раёнаў. Ва ўрачыстай атмасферы членскія білеты былі ўручаны работнікам органаў і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — Уладзіміру Граковічу, Яўгену Альхімовічу, Паўлу Бураку, Мікіту Пурлану, Дзмітрыю Дзеркачу, Антону Пальчэху.
— Большасць з вас — маладыя афіцэры, якія зусім нядаўна апранулі пагоны, — адзначыў Валерый Ан. — Гэта вельмі ганарова і, разам з тым, адказна, бо кожны з вас цяпер стаіць на варце міру і спакою нашых грамадзян.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

