Святая Імша ў гонар новых святых Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ

Актуальное

27 красавіка каталіцкія вернікі сачылі за вельмі важнай і чаканай падзеяй — кананізацыяй Папы Яна Паўла ІІ і Папы Яна ХХІІІ у Ватыкане. З гэтай нагоды ў Лучайскім касцёле святога Юды Тадэвуша (Пастаўскі раён) адбылася святая Імша і набажэнства ў гонар новых святых. Аб прайшоўшай падзеі нам расказвае Лена Клімза-Колтан:

— Падчас нядзельнага казання ксёндз-пробашч Мікалай звярнуў увагу на значэнне постаці Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ у сучасным свеце.

У правай бочнай наве святыні, перад упрыгожаным першымі вясновымі кветкамі абразом Яна Паўла ІІ, адбылося набажэнства. Спачатку вернікі памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пасля мелі магчымасць малітоўна паразважаць аб супакоі, цытуючы мудрыя думкі святога Яна Паўла ІІ: «Супакой даступны тым, хто сярод жыццёвых перажыванняў у стане прыняць Божае слова і захаваць яго да канца». Або не меньш важныя словы святога Яна ХХІІІ: «Нельга хрысціянам забываць, што іх мэтай з’яўляецца не дасканаласць, але збаўленне». Літанія да святога Яна Паўла ІІ стала цудоўным працягам набажэнства. На заканчэнне прагучала любімая песня Папы-паляка «Barka».

З нагоды абвяшчэння новых святых, пасля Літургіі адбыўся канцэрт вядомага беларускага выканаўцы Зміцера Вайцюшкевіча. Музыка выканаў творы на словы У. Караткевіча, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, А. Русака. У канцэрце прагучалі песні: «Дзе мой край», «Я нарадзіўся тут», «Дачакайся, матуля», гімн «Магутны Божа» і іншыя творы. Развітаўся спявак з прысутнымі песняй-пажаданнем «Бывайце здаровы!».

Падобныя канцэрты вельмі карысныя і патрэбныя, бо выклікаюць пачуццё гонару за сваю Радзіму.

Пасля выступлення ва ўсіх прыхільнікаў творчасці Тодара (такі творчы псеўданім мае артыст) была магчымасць набыць музычныя дыскі і сфатаграфавацца на памяць.

Наступнае свята — адпустовая ўрачыстасць святога Андрэя Баболі адбудзецца 17 мая. Лучай гасцінна сустрэне ўсіх жадаючых!

Будзем рады бачыць вас на нашых святах!

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Юзафа Цапеліка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *