У час Вялікай Айчыннай вайны змаганне ішло не толькі на франтах, знясільваючая барацьба вялася і ў тыле, дзе намаганнямі жанчын, пажылых людзей, дзяцей таксама кавалася агульная Перамога.
Тамара Фёдараўна Кабаніхіна нарадзілася на Смаленшчыне. З пачаткам вайны яе сям’я была эвакуіравана ў Сібір. Тут наша гераіня разам з іншымі дзяўчатамі працавала на чыгунцы, у іх абавязкі ўваходзіла правядзенне рамонтных работ, укладка рэльсаў. Потым сям’ю накіравалі ў Казахстан, дзе маладая дзяўчына працавала вагаўшчыком на наліве нафты — работа, з якой бы і моцнаму мужчыне было б не так проста справіцца. За сумленную працу Тамара Фёдараўна была ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.
Далейшае жыццё згодна з сямейнай традыцыяй (яе бацька працаваў на чыгунцы) у яе атрымалася звязанае з чыгункай. Яна адвучылася ў Бігосаве, дзе пазнаёмілася з беларусам Васілём Міхайлавічам Кухаравым, за якога ў хуткім часе выйшла замуж. Прыехаўшы ў Шаркаўшчыну, разам з мужам працавалі на чыгуначнай станцыі гарадскога пасёлка.
Тамара Фёдараўна ўсё жыццё займала актыўную грамадскую пазіцыю, удзельнічала ў камсамольскім руху, была членам камуністычнай партыі, і цяпер яна захоўвае бадзёрасць духу. 1 мая яна адсвяткавала свой 91 год нараджэння. Жадаем ёй здароўя і доўгіх гадоў жыцця.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.