Жыццёвыя каштоўнасці сям’і Тадасіевых з Гарадца

Актуальное

Валерыі і Сашаньку вельмі падабаецца маляваць

Леташнім годам надарылася выдатная магчымасць пазнаёміцца з чалавекам, пра дзейнасць якога нам параіла напісаць кіраўніцтва арганізацыі ПМК-68 напярэдадні Дня будаўніка. Ім аказаўся брыгадзір прафесійнай комплекснай брыгады Валерый Тадасіеў. Нямала добрых слоў, станоўчых водгукаў аб рабоце і выкананні сваіх службовых абавязкаў можна пачуць у адрас гэтага чалавека. А сёння, напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, на старонках нашай газеты хочацца расказаць чытачам аб дамачадцах Валерыя Іванавіча Тадасіева, іх занятках, інтарэсах, рабоце і вольным часе ўсіх, хто складае гэту шматдзетную сям’ю.

Валерый Іванавіч і яго спадарожніца жыцця, жонка Вера Іосіфаўна, нарадзіліся і выраслі на Украіне. У пачатку самастойнага жыцця Валерый працаваў рабочым на электрапрыборным заводзе ў горадзе Камянец-Падольскі. На гэтым жа прадпрыемстве, толькі на пасадзе кантралёра якасці выпускаемай прадукцыі працавала і Вера. Так будучыя муж з жонкай і пазнаёміліся, паміж імі завязалася сяброўства, якое перарасло ў каханне. А далейшыя свае пачуцці маладыя людзі замацавалі шлюбам. У хуткім часе ў сям’і Валерыя і Веры нарадзілася першая дачушка Аксана. А праз год маладыя бацькі пачулі звонкі галасочак другой дзяўчынкі, імя якой далі Наталля. У ціхаплыннае сямейнае шчасце Тадасіевых, якія к гэтаму часу жылі ў Валынскай вобласці, як і для тысяч украінскіх сямей нечакана прыйшла бяда – 26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Лёс распарадзіўся так, што Валерый і Вера разам з дзецьмі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў вёску Гарадзец нашага раёна, дзе ў гэты час пражываў брат Веры – Аляксандр. Тут, на шаркаўшчынскай зямлі, паступова пачала абжывацца, абзаводзіцца гаспадаркай ўкраінская сям’я Тадасіевых. Сельгаспрадпрыемства ў 1994 годзе выдзеліла ім кватэру, прадаставіла месца працы. Валерый уладкаваўся механізатарам, а Вера стала рабочай збожжасховішча. Праз некаторы час сям’я папоўнілася яшчэ адным чалавекам – нарадзілася трэцяя дачушка Валерыя.

Вось ужо дваццаць год Тадасіевы жывуць у Гарадцы. Вера Іосіфаўна, акрамя хатніх клопатаў і выхавання малодшай дачкі, працуе ў мясцовай сярэдняй школе загадчыкам гаспадаркі. Валерый Іванавіч з 2000 года шчыруе ў будаўнічай арганізацыі ПМК-68. Старэйшая дачка Аксана – студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, яна — будучы мадэльер. Паралельна у гэтай жа навучальнай установе дзяўчына атрымоўвае другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “праграміст”. Разам з сястрой, толькі на завочным аддзяленні, навучаецца сярэдняя дачка Наталля. У хуткім часе яна набудзе дыплом эканаміста-маркетолага. Дарэчы, Наталля ўжо мае сваю сям’ю і маленькага сына Сашаньку, які ў дзень нашай сустрэчы з вялікай ахвотай прадэманстраваў свае здольнасці да малявання. А дапамагала маленькаму мастаку выводзіць мудрагелістыя малюнкі на лістку паперы яго цёця Валерыя – самая меншая дачка Веры Іосіфаўны і Валерыя Іванавіча.

Вялікая і дружная сям’я, як мы ў гэтым упэўніліся, да таго ж яшчэ і вельмі творчая. Дочкі – пастаянныя і нязменныя ўдзельніцы гурткоў мастацкай самадзейнасці Лужкаўскага СДК, валодаюць выдатнымі вакальнымі дадзенымі. А іх тата, Валерый Іванавіч, сур’ёзна захапляецца спортам. Некалькі год запар выступаў за футбольную каманду ПМК-68, быў у саставе зборнай нашага раёна па гэтым відзе спорту.

Такія агульначалавечыя пачуцці, як каханне, дружба, дабрыня, гаспадараць у сям’і Тадасіевых, з’яўляюцца іх пуцяводнымі зоркамі, дапамагаюць пераадольваць шматлікія цяжкасці і перашкоды на складаным жыццёвым шляху.

дружная сям’я Тадасіевых

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *