Аператар машыннага даення ААТ «Агратэхсэрвіс» Людміла Арлюкевіч — адна з лепшых у раёне

Сельское хозяйство

Аператар машыннага даення МТФ «Наваселле» ААТ «Агратэхсэрвіс» Людміла Арлюкевіч па выніках раённага спаборніцтва за лістапад заняла трэцяе месца.

Немалаважным фактарам у забеспячэнні высокіх надояў з’яўляюцца старанныя адносіны работнікаў фермы да жывёлы. Кожная даярка зацікаўлена ў станоўчых выніках сваёй працы. Людміла працуе на гэтай МТФ тры гады, але за гэты кароткі час зарэкамендавала сябе са станоўчага боку.Сумленна выконвае свае абавязкі, пільна сочыць за станам жывёлы.

— Для кожнага аператара машыннага даення важна не толькі колькасць атрыманага малака, але і яго якасць, — кажа Людміла. — Гэтыя два паказчыкі павінны быць на адным узроўні.

Гурт, за якім даглядае жанчына, налічвае 64 каровы. Сярэдні надой ад адной рагулі за мінулы месяц склаў 326 кілаграмаў малака. Валавы надой за лістапад дасягнуў адзнакі ў 20 тон 800 кілаграмаў.

Людміла Арлюкевіч заўсёды знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях сярод аператараў машыннага даення. Напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі жанчыне пашчасціла прадстаўляць наш раён у Рэспубліканскім форуме вясковых працаўніц у Мінску, арганізаваны Беларускім саюзам жанчын.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.