Са святам Божага Нараджэння жыхароў Шаркаўшчынскага раёна віншуюць ксёндз Андрэй Кулік і святары Міёрскага дэканату.

Новости Витебщины

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

У Бэтлеем спяшаліся пастушкі, якім анёл першым абвясціў добрую навіну аб нараджэнні Збаўцы. У Бэтлеем зорка прывяла трох каралёў, каб яны маглі аддаць пашану Езусу Хрысту. Зараз нам не трэба адпраўляцца ў такое далёкае падарожжа — месцам сустрэчы з Езусам сёння з’яўляецца парафіяльны касцёл, дзе мы сустракаем Пана. З аднаго боку сімвалічна, калі разважаем пра тагачасныя падзеі, стаўшы на калені перад шопкай у касцёле, а з другога — рэальна, вачыма веры бачачы Хрыста, які прыходзіць да нас падчас кожнай Эўхарыстыі.

«І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28,20) — кажа нам Езус. Дык чаго ж ты марудзіш? Спяшайся сёння да касцёла, бо там цуд. Бог дае нам свайго Сына ў слове, якое да нас прамаўляе са старонак Бібліі і ў Святой Камуніі. Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта Цела маё — кажа Пан. Ідзі хутчэй, пачуй нарэшце, што Бог кажа табе сёння, падмацуй сваю душу Целам Хрыста. Адчуй любоў Бога і Яго прабачэнне. У вокнах касцёла гарыць святло… але ці яно вабіць мяне? О, калі б так і было, каб мог ты нарэшце адчуць моцнае жаданне быць разам з Езусам!

Благаславення Божага і шматлікіх ласк на святкаванне Божага Нараджэння, а таксама шчаслівага Новага года ўсім вам жадаюць ксёндз Андрэй Кулік і святары Міёрскага дэканату.