У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, штогод у другую нядзелю мая адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Герб, сцяг і гімн аб’ядноўваюць беларусаў. Да гэтай урачыстай даты прымеркавана рэспубліканская маладзёжная акцыя “Квітней, Беларусь!”, якая ўзяла эстафету ў акцыі “Дзякуй за Перамогу”. Прайшла яна пад эгідай ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Мерапрыемства ў рамках акцыі адбылося і ў нашым раёне. У ім прынялі ўдзел маладыя людзі — члены БРСМ. Вечарам 11 мая юнакі і дзяўчаты раёна сталі ўдзельнікамі флэш-моба “Жывы сцяг”, арганізаваны раённым камітэтам ГА БРСМ. Члены пярвічкі Шаркаўшчынскай СШ № 2 з паветранымі шарыкамі пад колер сцяга ўзняліся на сцэну летняга амфітэатра. Вядучыя паведамілі аб нашай беларускай сімволіцы. Выйшаў сцяганосец.
— Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, — кажа вядучы мерапрыемства, — з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту і ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з двух гарызантальна размешчаных каляровых палос. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга.
Затым прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да падножжа помніка на плошчы Леніна. А на сцэне амфітэатра працягваўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Закончылася мерапрыемства тэматычнай дыскатэкай.
Кацярына СОСНА.