Каб атрымаць нагрудны знак «За работу без аварый» ІІ ступені, вадзіцель павінен адпрацаваць у арганізацыі не меньш за тры гады, не мець аварый і парушэнняў і праехаць 300 тысяч кіламетраў.
Значна большая лічба на лічыльніку аўтамабіля вадзіцеля-электраманцёра Шаркаўшчынскага раёна электрычных сетак Уладзіміра Шышко зафіксавана за 13 гадоў працы ў арганізацыі.
У любое надвор’е, у любую пару года ён кожную раніцу заводзіць рухавік свайго ГАЗ-33081, каб накіравацца ў складзе Іёдскай лінейнай брыгады ў чарговую паездку.
— За станам свайго аўтамабіля Уладзімір сочыць пільна, — кажа начальнік Шаркаўшчынскага РЭСа Уладзімір Фёдараў. — Вадзіцель ён дысцыплінаваны, адказны і сумленны. Калі патрабуецца па вытворчай неабходнасці ажыццявіць выезды ў выхадныя або святочныя дні, мужчына заўсёды згаджаецца, бо справу сваю любіць і загады выконвае бездакорна.
Нядаўна кіраўнік шаркаўшчынскіх энергетыкаў уручыў Уладзіміру Шышко нагрудны знак Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь «За работу без аварый» ІІ ступені. Гэта ўзнагарода стала прызнаннем адданасці любімай прафесіі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
