Сацыяльны работнік — прафесія чулага сэрца

Общество

Сацыяльны работнік — прафесія складаная, але вельмі неабходная ў грамадстве. Яна патрабуе спецыяльных ведаў, навыкаў, асаблівага душэўнага складу.

Вера Ліпская (на здымку справа) не адразу прыйшла ў гэту прафесію. Нарадзілася ў Віцебскім раёне, атрымала прафесійна-тэхнічную адукацыю. Спачатку жанчына працавала ў сферы гандлю, спажывецкай кааперацыі. Калі выйшла замуж — пераехала на малую радзіму мужа ў Шаркаўшчыну.

— Працяглы час я знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, бо ў нашай сям’і выхоўваюцца пяць дзяцей, — кажа Вера. — Кіраўніцтва і спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прапанавалі месца працы ў гэтай установе. Вырашыла паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. Як паказаў час, у выбары не памылілася.

Радуе тая акалічнасць, што пажылыя людзі, якіх я абслугоўваю, а на сённяшні дзень гэта 11 чалавек, усе добразычлівыя, спагадлівыя. Згодна з распрацаваным графікам некаторых сваіх падапечных я наведваю адзін раз на тыдзень, іншых — два разы, некаторых —  тройчы або пяць разоў.

Напрыклад, сям’ю Яўгена і Ганны Янчыкаў я наведваю тройчы на тыдзень. Ёсць пералік тых абавязкаў, якія павінен выконваць кожны сацыяльны работнік. Гэта і набыццё разнастайных тавараў у магазіне, лекаў у аптэцы, уборка ў доме і каля яго, прыгатаванне ежы, мыццё бялізны і шмат іншага. Але акрамя вышэй пералічанага стараюся быць максімальна карыснай для людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.

Дзейнасць работніка сацыяльнай службы немагчыма без дабра і спачування. Нярэдка яны становяцца адзінай апорай для пажылых, замяняюць ім родных людзей.

У Веры хапае ўласных клопатаў. З мужам выхоўваюць пецярых дзяцей, а нядаўна яны ўзялі апякунства над пляменніцай. Тым не менш, жанчына знаходзіць час, каб атуліць увагай пажылых людзей. І ў яе гэта выдатна атрымліваецца.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.