
На тэрыторыі мехмайстэрні аддзялення Светлы шлях ААТ “Агратэхсэрвіс” стаяў магутны трактар МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6А. Каля яе завіхаўся малады, хударлявы, невысокага росту хлопец.
Знаёмімся бліжэй. Гэта Валерый Фёдараў — механізатар гаспадаркі, які прыехаў з поля ў майстэрню, каб правесці зварачныя работы і тым самым ліквідаваць непаладкі ў сеялцы.
— Вось на гэтай тэхніцы я працую, — заўважыўшы нашу цікаўнасць, патлумачыў Валерый. — Зараз паеду ў поле высяваць збажыну.
Валерый расказаў крыху аб сабе. Ён родам з вёскі Папкі. Мае свой дом і жыве асобна ад бацькоў. Пасля заканчэння Гуркаўскай базавай школы вучыўся на механізатара ў раённым вучэбным камбінаце райсельгасхарчу. Затым была армія. Валерый адслужыў і вярнуўся ў родную вёску. Стараннасць і працавітасць хлопца адразу заўважыла кіраўніцтва гаспадаркі і выдзеліла яму новы, энерганасычаны трактар. Механізатар асвоіў шыроказахопную сеялку АПП-6А і большасць участкаў у гаспадарцы засеяна менавіта Валерыем Вячаслававічам.
Па стану на 10 мая (затым пайшлі дажджы і сяўба часова прыпынілася) у сельгаспрадпрыемстве пасеяны зерневыя культуры на плошчы 1486 гектараў і 538 з іх запісаў на свой рахунак Валерый Фёдараў. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у гаспадарцы. Працуе механізатар, у асноўным, у аддзяленні Светлы шлях.
— З такіх працаўнікоў, як Валерый, трэба браць прыклад, — зазначыў Аляксандр Валянцінавіч Васілевіч, кіраўнік аддзялення Светлы шлях.
Кацярына СОСНА.
