Упершыню ў нашым райцэнтры сярод вернікаў каталіцкай канфесіі прайшло цікавае і змястоўнае мерапрыемства. Прыміцыйную святую Імшу ў касцёле Узвышэнне Святога Крыжа праводзіў Аляксандр Фядотаў, які нарадзіўся і вырас у нашай Шаркаўшчынскай парафіі. Ён скончыў СШ № 1. Праз пэўны час, адчуўшы пакліканне да службы Богу і людзям, Аляксандр паступіў у Духоўную семінарыю айцоў-сэрцанаў у Стадніках (Польшча). І вось закончыўшы яе, ён вярнуўся на радзіму.
На духоўную ўрачыстасць прыехаў ксёндз-рэктар семінарыі, святары, духоўныя выхавальнікі, ксяндзы Збігнеў Бояр і Чэслаў Куцмеж, якія некалі працавалі ў Шаркаўшчынскай парафіі, а таксама шмат сяброў — маладых святароў з Гродна і Пастаў. І, зразумела, з гасцямі быў ксёндз- пробашч касцёла Крыштаф Сілкоўскі.
З духоўным словам, з настаўленнем звярнуўся да ўсіх прысутных ксёндз Павел Кнурэк з Лынтупаў.
Са словамі віншавання да Аляксандра Фядотава ад імя парафіі звярнуліся парафіяне, моладзь, дзеці, а таксама аднакласніца, якая сядзела з ім за адной партай з 1 па 11 класы, Алеся Талапіла.
Урачыстая святая Імша была ўпрыгожана цудоўным спевам, удзячнасцю ў дарах, якія былі прынесены да Алтара, асабліва малітвай за маладога святара, які толькі пачынае свой святарскі шлях, працэсіяй у гонар маці божай Езуса Хрыста. Усё мерапрыемства закончылася прыміцыйным благаславеннем, якое ксёндз Аляксандр удзяліў усім святарам, кансэкраваным асобам, родным, блізкім і прысутным вернікам.
Застаецца сказаць, што ксёндз Аляксандр Фядотаў атрымаў прызначэнне да працы ў Гродна.
Кацярына СОСНА.