Штодзённая работа па прадухіленні пажараў, аварый тэхнагеннага і прыроднага характару, хуткасць і зладжанасць дзеянняў пры іх ліквідацыі работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях нязменна выклікаюць павагу ў грамадстве.
19 студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень выратавальніка. Сярод работнікаў Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ёсць нямала такіх, якія за гады сваёй працы заслужылі павагу і аўтарытэт у грамадстве.
— Сёння работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці і мужнасці, — кажа намеснік начальніка Шаркаўшчынскага РАНС Уладзімір Граковіч. — Менавіта такія людзі працуюць у нас. У мінулым годзе пасля заканчэння ўніверсітэта грамадзянскай абароны і Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа да нас на сваё першае месца працы прыйшлі сем маладых спецыялістаў. У іх ліку і інспектар нагляду і прафілактыкі Антон Пальчэх. Юнак скончыў Більдзюжскую СШ, атрымаў вышэйшую адукацыю ва універсітэце грамадзянскай абароны і вярнуўся на малую радзіму.
— Гэта прафесія вабіла мяне з дзяцінства, — кажа Антон, таму пасля атрымання атэстата сталасці не вагаўся, куды паступаць і кім стаць у будучым. У абавязкі інспектара сектара нагляду і прафілактыкі ўваходзіць наведванне і праверка жылога фонду, выяўленне і фіксацыя парушэння правілаў супрацьпажарнай бяспекі. У сваёй рабоце акцэнт раблю на прафілактычныя меры, але здараюцца выпадкі, калі трэба складаць прадпісанні, пратаколы.
З увагай і клопатам кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях адносіцца да ветэранаў галіны. Нядаўна пайшоў на заслужаны адпачынак былы намеснік начальніка РАНС Валерый Ліпскі, які чвэрць стагоддзя прысвяціў справе выратавальніка-пажарнага, прайшоў шлях ад радавога да падпалкоўніка ўнутранай службы.
— З дзяцінства, як і бацька, марыў насіць форму, пагоны на плячах, — кажа Валерый. — Лічу, што мы з братам Андрэем, які таксама шмат гадоў аддаў справе выратавальніка-пажарнага, з годнасцю выканалі свой доўг перад Радзімай.
Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Валерый цалкам прысячае сябе сям’і — жонцы Раісе і дачцэ Валерыі. Сярод любімых заняткаў праца на дачным участку і рыбная лоўля. Але не забывае ён сваіх былых калег, часта наведваецца ў РАНС, цікавіцца справамі вогняборцаў.
Цяпер у РАНС прыходзіць новае папаўненне, якое пераймае вопыт у старэйшых таварышаў. І вельмі важна, каб маладыя работнікі з гонарам неслі высокае званне выратавальніка-пажарнага, пераймалі лепшыя традыцыі шаркаўшчынскіх вогняборцаў, закладзеныя дзесяцігоддзі назад.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


