
Працоўныя рукі заўсёды былі і застаюцца ў пашане. Кіраўніцтва арганізацый і прадпрыемстваў высока цэніць работнікаў, хто па-сапраўднаму шчыра, дасканала і выдатна выконвае свае службовыя абавязкі, плённай работай прыносіць карысць усяму калектыву.
Амаль трыццаць гадоў налічвае працоўны стаж газаэлектразваршчыка прадпрыемства меліярацыйных сістэм Антона Шышко.
— Прафесіянал і чалавек гэты ад Бога, — так выказаўся пра свайго падначаленага галоўны механік ПМС Васілій Волкаў. — Прыроднае ўменне і шматгадовы вопыт дазваляюць паспяхова спраўляцца Антону Баляслававічу з рознымі відамі зварачных работ. Калі трэба, ён згаджаецца працаваць звышурочна і ў выхадныя дні. За высокі прафесіяналізм неаднаразова ўзнагароджваўся Падзячнымі лістамі і Ганаровымі граматамі нашага прадпрыемства.
Зараз акрамя сваёй асноўнай працы ў ПМС Антон Баляслававіч займаецца рамонтам аўтобуса аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, мяняе металічную абшыўку кузава. Якасць зварачных работ, якія ён праводзіць на транспартным сродку, і сапраўды вельмі высокая. У гэтым мы ўпэўніліся, наведаўшы ў адзін з працоўных дзён рамонтныя майстэрні. Вадзіцель аўтобуса Леанід Хайноўскі задаволены высокапрафесійнай работай Антона Баляслававіча — майстра сваёй справы.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.