Служба ў кругласутачным рэжыме

Служба 101

Да шаркаўшчынскіх вогняборцаў, каб павіншаваць з прафесійным святам, Днём выратавальніка, завіталі ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба «Адвага» СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, шэфства над якімі ажыццяўляюць афіцэры РАНС.

У актавай зале раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшоў урачысты сход, прысвечаны прафесійнаму святу — Дню выратавальніка.

— Для прадстаўнікоў нашай прафесіі не існуе чужой бяды, бо выратавальнікі-пажарныя ў выпадку любой небяспекі першымі прыходзяць на дапамогу, часта рызыкуючы здароўем і жыццём, — сказаў начальнік Шаркаўшчынскага РАНС Іван Пальчэх, дэпутат раённага Савета дэпутатаў. — Выратаванне чалавечага жыцця — адказная, складаная і вельмі ганаровая работа. Узаемавыручка, аператыўнасць, уменне спачуваць і дапамагаць у любой сітуацыі — аснова майстэрства выратавальніка, дзе ўсе веды і навыкі адточваюцца праз рызыку.

Іван Пальчэх уручыў лепшым работнікам Шаркаўшчынскага РАНС граматы, падзякі, нагрудныя знакі, медалі. Узнагароды атрымалі некаторыя ветэраны пажарнай службы. Ад іх імя да прысутных звярнуўся Валерый Ліпскі.

— Дарагія сябры, выказваю глыбокую ўдзячнасць за вашу працу і самаахвярнасць. — сказаў падпалкоўнік унутранай службы ў адстаўцы. — Усім сённяшнім вогняборцам і ветэранам службы жадаю моцнага здароўя, сілы духу і жыццёвай энергіі.

Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях цесна супрацоўнічаюць з навучальнымі ўстановамі, праводзяць прафарыентацыйную работу сярод старшакласнікаў. Іван Пальчэх уручыў падзякі за подпісам начальніка абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Сяргея Мялешкіна начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярыне Міхнёнак і дырэктару сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка Ірыне Рымдзёнак.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.