Прафсаюзы аграпрамысловага комплексу адсочваюць працу работнікаў сельскагаспадарчай галіны не толькі падчас пасяўной або ўборачнай кампаній, яны аналізуюць уклад кожнага работніка ў агульную справу на працягу года.
Анатоль Буйчонак працуе трактарыстам-машыністам у ААТ «Агратэхсэрвіс». Мужчына шмат гадоў працуе ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, але, як сцвярджае ён сам, не гоніцца за славай, узнагародамі. Галоўнае, лічыць механізатар, сваю справу трэба выконваць якасна і своечасова.
З нядаўняга часу ў КУВСП імя Маркава Дзмітрый Курылёнак кіруе трактарам «Беларус» МТЗ-82. Ён знаходзіцца ў пачатку свайго працоўнага шляху, але нават за кароткі тэрмін зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку.
— Хлопцу ёсць з каго браць прыклад, — кажа дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель. — Яго брат Анатоль, які таксама працуе на трактары «Беларус», на мінулагоднім жніве перавёз ад камбайнаў 1077 тон зерня, за што атрымаў шэраг узнагарод.
Каб матэрыяльна і маральна заахвоціць механізатараў, гаспадаркі наведала старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава. Кіраўнік буйнейшага грамадскага аб’яднання аграрыяў Віцебшчыны выказала трактарыстам словы ўдзячнасці за самаадданую працу, пажадала поспехаў і дабрабыту ў сем’ях. Анатолю і Дзмітрыю яна ўручыла падарачныя грашовыя сертыфікаты, якія сталі фінансавым дапаўненнем сямейнага бюджэту.


