У райспажыўтаварыстве прайшоў семінар-вучоба намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце

Актуальное

выступае старшыня райспажыўтаварыства Наташа Пятрова

21 мая ў раённым спажывецкім таварыстве прайшоў семінар-вучоба намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце, спецыялістаў, адказных за ідэалагічную работу на тэму “Формы і метады работы з грамадскімі арганізацыямі”. Адкрыла семінар начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Стома. Яна ж растлумачыла, што месцам правядзення сустрэчы райспажыўтаварыства абрана невыпадкова. Тут на высокім узроўні наладжана работа пярвічных грамадскіх арганізацый — прафсаюзу, БРСМ, ветэранскай арганізацыі. Іх станоўчыя зрухі ў справе ідэалагічнага забеспячэння працуючага кантынгенту заслугоўваюць добрай адзнакі, а вопыт варты пераймання іншымі працоўнымі калектывамі.

Коратка пра сацыяльна-эканамічны стан райспажыўтаварыства паведаміла яго старшыня Наташа Пятрова. Падрабязна аб арганізацыі ідэалагічнай работы на месцах расказала Таццяна Рудак – намеснік старшыні па кадрах. Пра тое, якую ролю ў жыцці працоўнага калектыву выконвае пярвічная ветэранская арганізацыя, расказаў прысутным яе кіраўнік Яўгеній Кандраценка. Анастасія Казлоўская толькі з красавіка бягучага года ўзначальвае пярвічку БРСМ, але і за такі кароткі адрэзак часу яна змагла прадаставіць змястоўную справаздачу аб працы і адпачынку моладзі арганізацыі праз відэапрэзентацыю. Шмат усебаковай матэрыяльнай дапамогі працуючым работнікам аказвае прафсаюз. Яго кіраўнік Эма Дудко паведаміла, што некаторыя людзі, якія зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, застаюцца членамі дадзенай пярвічкі ў далейшым. У рабоце семінару-вучобы прыняла ўдзел і выступіла старшыня раённага савета ветэранаў Галіна Філатава.

У другой частцы мерапрыемства прысутныя змаглі ўласна азнаёміцца з нагаляднай агітацыяй, інфармацыйнымі стэндамі, умовамі працы і адпачынку работнікаў райспажыўтаварыства. Удзельнікі семінару наведалі парыкмахерскую, пакой для адпачынку, даведаліся, якія акцыі па продажы тавараў і заахвочвання пакупнікоў праходзяць у адноўленым магазіне “Прамтавары”. А на заканчэнне ў кафэ “Беларускае бістро” усіх пачаставалі гарачай гарбатай і кандытарскімі вырабамі ўласнай вытворчасці.

Таццяна Рудак - намеснік старшыні райспажыўтаварыства па кадрах
Яўгеній Кандраценка - старшыня ветэранскай пярвічкі
Анастасія Казлоўская - сакратар пярвічкі БРСМ
Эма Дудко - старшыня прафкама
удзельнікі семінару азнаёміліся з паслугамі парыкмахерскай

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *